ҽ

2018.10.18 Congregazione Generale 2018.10.18 Congregazione Generale 

#Synod2018: роля жанчын, экалогія і святасць

Сінадальныя Айцы завяршылі даклады па трэцяй частцы Працоўнага дакумента XV Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў і распачалі яе абмеркаванне ў працоўных групах.

На кангрэгацыі ў першай палове дня 18 кастрычніка 2018 г. звярталася ўвага на ролю жанчын у жыцці Касцёла. Гаварылася пра патрэбу ў пераадоленні ўсіх форм адчужэння і стэрэатыпаў адносна іх, а таксама паважання і прызнання жаночага харызмату. Гэта называлася па-сапраўднаму тэрміновай патрэбай. Было выказана пажаданне правесці спецыяльны Сінод, прысвечаны жанчынам.

Біскупы заклікалі ўдзельнікаў хрысціянскага выхаваўчага працэсу зрабіць рахунак сумлення і не абмяжоўвацца “выключна пераказам паняццяў”, а прысвяціць Хрысту цэнтральнае месца ў сваёй дзейнасці. Моладзі трэба паказваць прыгажосць перадсужэнскай чыстасці, важнасць сумленнасці і адказнасці за супольнае дабро.

Неабходна дапамагчы маладым людзям заставацца “у кантакце з Богам”, Які з’яўляецца жыццёвым “навігатарам”. Трэба, каб душпастыры жылі сярод людзей, а не ў палацах, адчувалі “пах моладзі”. Евангелле Езуса Хрыста, Які нарадзіўся бедным, памёр на крыжы і ўваскрос, не павінна “разбаўляцца” пабочным зместам, казалі на Сінодзе.

Удзельнікі Асамблеі зноў узгадвалі пра патрэбу ў стварэнні Папскай рады па справах моладзі, у якую ўваходзілі б прадстаўнікі пяці кантынентаў.

Гаворка ішла пра моладзь, якая жыве ў кантэксце ваенных дзеянняў, у прыватнасці ва Украіне, дзе канфлікт, які трывае ўжо амаль пяць гадоў, аказвае значны ўплыў на жыццё людзей маладога ўзросту. Падкрэслівалася, што моладзь жадае мець маральны аўтарытэт, які дасць ім жыццёвыя арыенціры.

У якасці братэрскага дэлегата ад Рускай Праваслаўнай Царквы, на Сінодзе выступіў кіраўнік Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён. Ён казаў аб важнасці каталіцка-праваслаўнага супрацоўніцтва перад абліччам дэхрысціянізацыі, секулярызацыі, адмаўлення хрысціянскіх каштоўнасцей і пераследу.

Падчас кангрэгацыі, якая прайшла ў другой палове дня 17 кастрычніка, звярталася ўвага на прагненне моладзі чуць меркаванне Касцёла адносна праблем навакольнага асяроддзя і эканамічнага жыцця. Крык зямлі і бедных не можа ігнаравацца, падкрэслівалі Сінадальныя Айцы.

Гаворка ішла пра важнасць удзелу моладзі ў жыцці Касцёла, чаму перашкаджаюць розныя цяжкасці, сярод якіх клерыкалізм. Біскупы казалі, што сярод святых налічваецца каля 160 юнакоў і дзяўчат, кананізацыйныя працэсы адносна вялікай колькасці маладых людзей яшчэ працягваюцца.

Удзельнікі Асамблеі ўзгадвалі пра патрэбу ў абнаўленні катэхетычнай дзейнасці, асабліва перад абліччам распаўсюджвання сект; пра заахвочванне маладых людзей да рэгулярнага чытання Бібліі; пра паўсюднае права на адукацыю і важнасць дзейнасці каталіцкіх навучальных устаноў; пра клопат пра маладых людзей, якія пакутуюць ад залежнасцей, асабліва наркатычнай.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 кастрычніка 2018, 15:43