ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

У Ватыкане падзяліліся апошнімі навінамі з Сінода

Удзельнікі Сіноду працягваюць працаваць у рабочых групах, так званых “circoli minori”. Заўтра пачнецца разгляд другой часткі Працоўнага дакумента, прысвечанай веры і распазнанню паклікання.

У Ватыкане 8 кастрычніка 2018 г. прайшоў чарговы брыфінг, прысвечаны XV Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў.

Прысутны на ім арцыбіскуп Мальты Чарльз Шыклюна заўважыў, што адным з найлепшых аспектаў сёлетняй Асамблеі з’яўляецца прысутнасць маладых людзей у Сінадальным зале. Яны актыўна і гучна рэагуюць на тое, што чуюць у дакладах. Іерарх падкрэсліў важнасць салідарнасці паміж пакаленнямі.

Гаворка ішла і пра важнасць хрысціянскага сведчання з боку католікаў. У якасці прыкладу ўзгадалі гісторыю, агучаную падчас суботняга чування Папы з моладдзю ў Зале Паўла VI. Гаворка ішла пра навяртанне юнака, зняволенага ў турме, які пакаяўся і пачаў жыць верай пасля сустрэчы з каталіцкім святаром, які, паводле яго, выпраменьваў сапраўдную святасць.

Улічваючы вялікі досвед арцыбіскупа Шыклюны ў расследаванні спраў, звязаных з сексуальнымі злоўжываннямі, журналісты задавалі шмат пытанняў на гэту тэму.

Іерарх падкрэсліў, што праблема злоўжыванняў абмяркоўваецца на Сінодзе, але не з’яўляецца яго галоўнай тэматыкай, таму тут не варта чакаць ад Асамблеі хуткіх адказаў. Ён нагадаў, што ў лютым 2019 г. у Ватыкане пройдзе спецыяльныя сустрэча Святога Айца са старшынямі епіскапатаў, прысвечаная ўзгаданай праблеме.

На брыфінгу выступіў дапаможны біскуп Ліёнскай архідыяцэзіі Эманюэль Габільяр. Некалькі дзён таму ён узяў відэа-інтэрв’ю ў Папы ў кулуарах Сінода. Іерарх распавёў, што ідэя запісваць на смартфон кароткія размовы з удзельнікамі Асамблеі нарадзілася ў яго з жадання пазнаёміць французскую моладзь з тым, што адбываецца на Сінодзе.

Паводле біскупа, моладзь добра ведае эфектыўныя шляхі абвяшчэння Евангелля, таму варта прыслухацца да яе. Важна станавіцца не перад моладдзю, а быць пасярод яе, лічыць іерарх.

Малады ўдзельнік Сінода, італьянец Томас Леанчыні, прызнаўся, што быў уражаны мужнасцю Касцёла, які не баіцца размаўляць на нязручныя тэмы і шукае радыкальных адказаў. Ён зазначыў, што на Сінодзе абмяркоўваюцца не толькі праблемы каталіцкай моладзі, але моладзі ў цэлым. На яго думку, Папа – гэта першы з сусветных лідараў, які зразумеў гаротны стан сучаснай моладзі.

Навіна ў фармаце аўдыё
08 кастрычніка 2018, 15:16