ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад адрэагаваў на даклад Вялікага журы Пенсільваніі

Кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Грэг Бёрк выступіў з заявай пасля абвяшчэння дакладу, які з’яўляецца вынікам амаль двухгадовага расследавання Вялікага журы прысяжных Пенсільваніі.

Гаворка ў ім ідзе аб тым, што ў шасці з васьмі каталіцкіх дыяцэзій, якія існуюць у амерыканскім штаце, 301 каталіцкі святар учыніў на працягу апошніх 70 гадоў сексуальныя злоўжыванні адносна больш тысячы дзяцей. Ахвярамі злачынстваў былі ў асноўным хлопчыкі.

“[Што тычыцца дакладу, апублікаванага на гэтым тыдні ў штаце Пенсільванія, ёсць два словы, якія могуць выказаць пачуцці ў кантэксце гэтых жудасных злачынстваў: сорам і смутак]”

, - заявіў афіцыйны прадстаўнік.

Грэг Бёрк дадаў, што “Апостальская Сталіца вельмі сур’ёзна ставіцца да следчай працы Вялікага журы прысяжных Пенсільваніі і да рэалізаванага ім шырокага Папярэдняга Дакладу” і “рашуча асуджае сексуальны гвалт у дачыненні да непаўналетніх”.

“[Злоўжыванні, апісаныя ў дакладзе, з’яўляюцца злачыннымі і маральна заганнымі. Гэтыя дзеянні былі здрадай даверу; яны абакралі ахвяр з іх годнасці і веры]”

, - гаворыцца ў спецыяльнай заяве Апостальскай Сталіцы.

 

Адзначаецца, што “Касцёл павінен прыняць суровыя ўрокі мінулага”, “трэба прыцягнуць да адказнасці як злачынцаў, так і людзей, якія дазволілі, каб мелі месца злоўжыванні”.

Большая частка абмеркавання ў дакладзе тычыцца злоўжыванняў да 2000 г. Амаль не гаворыцца аб падобнага роду справах пасля 2002 г. Афіцыйны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы выказвае думку, што “высновы Журы адпавядаюць папярэднім даследаванням, якія паказалі, што рэформа Каталіцкага Касцёла ў Злучаных Штатах рэзка скараціла колькасць выпадкаў выкарыстання дзяцей з боку духавенства”.

“[Апостальская Сталіца заклікае да пастаянных рэформ і пільнасці на ўсіх узроўнях Каталіцкага Касцёла, каб дапамагчы ў захаванні непаўналетніх і дарослых няпоўнаспраўных ад шкоды]”

, - гаворыцца ў заяве.

"Апостальская Сталіца таксама жадае падкрэсліць неабходнасць падпарадкавання грамадзянскаму праву, у тым ліку што тычыцца неабходнасці абавязковага інфармавання аб выпадках выкарыстання дзяцей”, - нагадаў кіраўнік Залы Друку.

Грэг Бёрк запэўніў, што “Святы Айцец разумее, наколькі такія злачынствы могуць пахіснуць веру і дух, і чарговы раз заклікае да любых намаганняў па стварэнні бяспечных умоў для непаўналетніх і дарослых няпоўнаспраўных у Касцёле і ў грамадстве. Ахвяры павінны ведаць, што Папа на іх баку. Тыя, хто пакутуе, з’яўляюцца для яго прыярытэтам, і Касцёл хоча іх слухаць, каб выкараніць гэты трагічны жах, які разбурае жыццё нявінных людзей”.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 жніўня 2018, 14:08