ҽ

Папа Павел VI - аўтар энцыклікі “Humanae Vitae” Папа Павел VI - аўтар энцыклікі “Humanae Vitae” 

“Humanae Vitae”: сучаснасць сведчыць, што Касцёл меў рацыю

На прароцкае вымярэнне энцыклікі Паўла VI “Humanae Vitae” звяртае ўвагу “L’Osservatore Romano”. Гучыць заклік: чытаць гэты важны тэкст “новымі вачыма”.

Ватыканскае выданне, у артыкуле “Humanae Vitae” праз пяцьдзесят гадоў”, нагадвае кантэкст, у якім нарадзіўся дакумент, а таксама негатыўныя наступствы яго непрыняцця. Гучыць заклік: чытаць гэты важны тэкст “новымі вачыма”.

Праз пяцьдзесят гадоў энцыкліка Паўла VI успрымаецца сучаснымі людзьмі зусім па-іншаму, сцвярджаецца ў артыкуле. У 1968 г. гэта быў смелы дакумент, які ішоў супраць плыні, а менавіта, сексуальнай рэвалюцыі, для рэалізацыі якой фундаментальна важнымі былі сродкі кантрацэпцыі і магчымасць аборту. Гэта былі часы, калі эканамісты казалі пра “дэмаграфічную бомбу”: яны пужалі перанасяленнем, што пагражала багатым краінам зніжэннем іх дабрабыту.

Такім чынам, дзве магутныя сілы аб’ядналіся супраць энцыклікі: ілюзорнае шчасце сексуальнай рэвалюцыі, і багацце, якое павінна было стаць лагічным вынікам скарачэння колькасці людзей у вялікіх маштабах.

Сёння, праз пяцьдзесят гадоў, мы глядзім на рэчы па-іншаму. Гэтыя дзве ўтапічныя ідэі сталі рэальнасцю, аднак, не прынеслі чаканых вынікаў – ні шчасця, ні багацця; хутчэй прыйшлі новыя і драматычныя праблемы, сцвярджаецца ў артыкуле ватыканскага выдання. У наш час, скарачэнне колькасці насельніцтва ў развітых краінах амаль сувымернае з масавым прыбыццём мігрантаў, а медыцынскі кантроль за нараджальнасцю справакаваў уварванне навукі ў галіну пракрэацыі, з неадназначнымі вынікамі, часта трывожнымі і небяспечнымі.

50-годдзе"Humanae vitae". Зварот Паўла VI да сужонкаў

“Цяпер, калі мы плацім поўную цану за раптоўнае і значнае падзенне колькасці нараджэнняў, калі многія жанчыны пасля некалькіх гадоў выкарыстання хімічных супрацьзачаткавых сродкаў не ў стане зачаць дзіця, мы разумеем, што Касцёл меў рацыю, што Павел VI быў прарокам, прапаноўваючы натуральнае рэгуляванне нараджальнасці, што павінна было захаваць здароўе жанчын, адносіны пар і натуральны спосаб пракрэацыі”, - сцвярджае “L’Osservatore Romano”.

“Сёння, калі дзяўчыны, зачараваныя экалогіяй, звяртаюцца да натуральных метадаў рэгулявання нараджальнасці, нават не ведаючы пра існаванне “Humanae Vitae”, сёння, калі ўрады спрабуюць праводзіць палітыку, якая стымулюе нараджальнасць, мы павінны яшчэ раз, з іншым поглядам прачытаць энцыкліку. І замест таго, каб успрымаць яе ў якасці вялікага правалу Касцёла перад абліччам нястрымнай сучаснасці, мы можам разглядзець яе прароцкае святло ў бачанні рознага роду небяспекі, якая тоіцца ў гэтых зменах, і павіншаваць сябе, што мы католікі, што ў чарговы раз Касцёл не патрапіў у спакуслівую пастку ўтопій ХХ стагоддзя, але змог адразу зразумець іх недахопы і небяспеку”, - сцвярджае аўтар артыкула, Лючэта Скарафія, і з жалем заўважае, што нямногім гэта ўдаецца.

Ватыканскае выданне заклікае паглядзець на “Humanae Vitae” па-новаму, вачыма людзей, якія жывуць у ХХІ стагоддзі. Гэта, на думку “L’Osservatore Romano”, адзіны спосаб адказаць на сённяшнія праблемы сям’і, новай ролі жанчын і складаных адносін паміж этыкай і навукай.

Навіна ў фармаце аўдыё
27 ліпеня 2018, 15:57