ҽ

Затопленыя вуліцы горада Баія-Бланка ў правінцыі Буэнас-Айрэс Затопленыя вуліцы горада Баія-Бланка ў правінцыі Буэнас-Айрэс 

Аргенціна: тэлеграма спачування Папы пацярпелым ад стыхіі

Святы Айцец накіраваў тэлеграму спачування жыхарам Аргенціны, дзе прыродная катастрофа прывяла да чалавечых ахвяр і значных матэрыяльных страт.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Францішак выказаў глыбокі сум з прычыны прыроднай катастрофы, якая абрушылася на рэгіён Баія-Бланка ў Аргенціне. У тэлеграме, адрасаванай арцыбіскупу горада Карласу Альфонсу Аспіросу Косту, Папа паведаміў, што моліцца за вечны спачын загінулых падчас гэтай трагедыі.

"Жадаю выказаць сваю духоўную блізкасць усяму насельніцтву, просячы Пана, каб Ён даў суцяшэнне сем'ям і ўсім, хто пакутуе ў гэты момант болю і няўпэўненасці", - напісаў Францішак у сваім пасланні. Ён паабяцаў маліцца, каб Божая ласка падтрымала ўсіх, хто займаецца пошукам зніклых без вестак і складанай справай адбудовы разбураных тэрыторый.

Паводка ў рэгіёне Баія-Бланка прывяла да шматлікіх ахвяр і значных матэрыяльных страт. Мясцовыя ўлады працягваюць ацэньваць маштаб бедства, у той час як выратавальныя службы працуюць ва ўмовах экстрэмальнай сітуацыі.

У заключэнні тэлеграмы Папа звярнуўся да Найсвяцейшай Панны Міласэрнай з просьбай заступіцца перад Езусам Хрыстом за ўсіх ахвяр катастрофы і ўдзяліў сваё апостальскае бласлаўленне ўсім пацярпелым.

Варта адзначыць, што Баія-Бланка з'яўляецца важным эканамічным і культурным цэнтрам на поўдні правінцыі Буэнас-Айрэс. Гэта не першы раз, калі рэгіён сутыкаецца з прыроднымі катаклізмамі, аднак, паводле мясцовых крыніц, цяперашняя паводка лічыцца адной з самых разбуральных за апошнія дзесяцігоддзі.
 

11 сакавіка 2025, 09:58