Італьянская Таскана: закон аб суіцыдзе выклікаў пратэст Касцёла
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Пасля двухдзённых дэбатаў 12 лютага 2025 года Таскана стала першым рэгіёнам Італіі, які прыняў закон аб медычна асісціраваным суіцыдзе. Закон вызначае рамкі і кампетэнцыі для доступу да працэдуры.
"Мы прымаем да ведама рашэнне Рэгіянальнага савета Тасканы, але гэта не абмяжуе наш удзел у абароне жыцця, ніколі і ні пры якіх абставінах", – заявіў старшыня Біскупскай канферэнцыі Тасканы, кардынал Аўгуста Паола Лаюдзічэ.
Згодна з новым законам, максімальны тэрмін ад падачы заяўкі да ажыццяўлення працэдуры складае 37 дзён. У гэты перыяд уваходзіць прызначэнне медыцынска-этычнай камісіі, вызначэнне ўрача і выдача неабходных медыкаментаў. Закон таксама прадугледжвае роўнае стаўленне да ўсіх пацыентаў і бясплатнасць працэдуры.
Кардынал Лаюдзічэ звярнуўся да капеланаў бальніц, манаскіх супольнасцей і валанцёраў хоспісаў са словамі падтрымкі: "Не здавайцеся і працягвайце несці надзею і жыццё. Нягледзячы ні на што."
У Італіі дагэтуль няма агульнанацыянальнага закона аб асісціраваным суіцыдзе. У 2019 годзе Канстытуцыйны суд вызначыў, што пры пэўных абставінах дапамога ў ажыццяўленні свядома прынятага рашэння аб суіцыдзе не з'яўляецца злачынствам. Нягледзячы на заклік суддзяў, італьянскі парламент дагэтуль не распрацаваў адпаведнага заканадаўства.