ҽ

Сабор Нотр-Дам у горадзе Кая (Буркіна-Фасо) Сабор Нотр-Дам у горадзе Кая (Буркіна-Фасо)  (SESAME PICTURES)

Новая хваля насілля ў Буркіна-Фасо: напады на хрысціян

Тэрарысты ажыццявілі серыю нападаў на вёскі ў парафіі Тансіла на паўночным захадзе Буркіна-Фасо. Загінула не менш за 26 чалавек, сярод якіх шэсць хрысціян.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Як паведамляе каталіцкая дабрачынная арганізацыя Касцёл у патрэбе, у канцы студзеня 2025 года тэрарысты здзейснілі серыю жорсткіх нападаў на вёскі ў Буркіна-Фасо. Эпіцэнтрам насілля стала парафія Тансіла, якая знаходзіцца ў дыяцэзіі Нуна і ўключае 37 вёсак.

Мясцовы пробашч, ксёндз Жан-П'ер Кейта распавёў, што 25 студзеня 2025 года больш за 200 тэрарыстаў напалі на некалькі вёсак, забіўшы не менш за 26 чалавек, сярод якіх шэсць хрысціян. Тэрарысты таксама падпальвалі дамы мясцовых жыхароў.

У той жа дзень у суседняй дыяцэзіі Дэдугу былі забітыя два катэхеты, якія вярталіся з навучання. Трагедыя працягнулася 31 студзеня 2025 года, калі падчас чарговага нападу на парафію Тансіла загінулі бацька і некалькі сваякоў пробашча. Паводле інфармацыі дабрачынцаў з Касцёла ў патрэбе, парафія Тансіла на працягу апошніх гадоў неаднаразова станавілася мішэнню тэрарыстычных атак. Варта адзначыць, што тут прыкладна траціна жыхароў з'яўляюцца хрысціянамі, што робіць іх асабліва ўразлівымі для нападаў экстрэмісцкіх груповак, якія дзейнічаюць у рэгіёне.

15 лютага 2025, 10:25