ҽ

Катэдра ў Алепа (Сірыя) Катэдра ў Алепа (Сірыя)  (AFP or licensors)

Сірыя: змена ўлады абвастрыла абмежаванні для хрысціян

Хрысціянам у Сірыі ўсё яшчэ даводзіцца адстойваць перад ісламістамі сваю рэлігійную свабоду. Папскі фонд Дапамога Касцёлу ў патрэбе выказаў занепакоенасць абмежаваннямі, якія ўзмацніліся пасля змены ўлады ў краіне.

Ян Глінскі

Як паведамілі ў мюнхенскім ACN, у некаторых мясцовасцях радыкальным групоўкам удалося прымусіць мужчын і жанчын сядзець асобна ў грамадскім транспарце, а таксама ўвесці патрабаванне да жанчын закрываць твары. На думку назіральнікаў, эфектыўнае прымяненне гэтых мер звязана з адсутнасцю адзінага кіравання пасля змены ўлады.

Паводле інфармацыі папскага фонду, найбольш складаная сітуацыя назіраецца ў гарадах Хомс і Хама, што ў заходняй Сірыі. Людзі стараюцца не выходзіць на вуліцы пасля 17.00, каб не сутыкнуцца з джыхадзістамі, якія намаўляюць пераходзіць у іслам, а жанчын з непакрытымі галовамі падвяргаюць публічнай крытыцы.

У той жа час, з Алепа на поўначы краіны паступаюць паведамленні аб тым, што новыя чыноўнікі стараюцца “стварыць пазітыўны выгляд” Дамаска, паколькі сталіца знаходзіцца ў цэнтры ўвагі СМІ і палітыкі.

На мяжы з Ліванам, у так званай Даліне хрысціян, што ў 60 кіламетрах ад Хомса, сітуацыя больш спакойная. Інцыдэнты здараліся толькі на дарогах, якія вядуць у даліну: хрысціянам, якія адмаўляліся перайсці ў іслам, забаранялася ехаць далей. Зафіксаваны таксама адзінкавыя выпадкі абрабавання падарожнікаў.

У такіх абставінах настрой сірыйскіх хрысціян можна апісаць як “асцярожна аптымістычны”. Прадстаўнікі лакальнага Каталіцкага Касцёла выказалі жаданне супрацоўнічаць з новымі ўладамі, якія, у сваю чаргу, запэўнілі хрысціян, што іх правы, як інтэгральнай часткі сірыйскага грамадства, будуць паважацца.

07 лютага 2025, 09:34