ҽ

На сустрэчы міністраў фінансаў G20 у Кейптаўне На сустрэчы міністраў фінансаў G20 у Кейптаўне 

Рэлігійныя лідары просяць G20 вырашыць глабальны даўгавы крызіс

Больш за 120 рэлігійных лідараў падпісалі адкрыты ліст да G20 з заклікам прыняць рашучыя меры супраць глабальнага даўгавога крызісу, які перашкаджае барацьбе з беднасцю і змяненнем клімату.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Адкрыты ліст быў апублікаваны падчас актуальнага пасяджэння міністраў фінансаў “Вялікай дваццаткі” ў Кейптаўне. Ключавое патрабаванне – стварэнне "справядлівай і функцыянальнай глабальнай сістэмы кіравання даўгамі" і спісанне даўгоў найбяднейшым краінам.

Заклік да міласэрнасці ў Юбілейным годзе

"У гэтым Юбілейным 2025 годзе, годзе матэрыяльнага і духоўнага вызвалення, Папа Францішак заахвоціў усіх нас стаць 'пілігрымамі надзеі' і вырашыць адну з самых надзённых праблем, з якімі мы сутыкаемся – востры глабальны даўгавы крызіс", - гаворыцца ў лісце, апублікаваным, сярод іншага, “Caritas Internationalis”. Рэлігійныя лідары выказваюць глыбокую занепакоенасць уплывам даўгавога крызісу на жыццё найбяднейшых і найбольш уразлівых людзей у свеце.

Шырокая падтрымка з боку касцельных аўтарытэтаў

Сярод падпісантаў звароту – старшыня “Caritas Internationalis” кардынал Ісаа Кікучы, бразільскі кардынал Хаймэ Шпэнглер, а таксама генеральныя сакратары Сусветнай рады Цэркваў і Сусветнай лютэранскай федэрацыі Джэры Пілей і Анэ Бургхардт. Таксама ліст падпісалі кардыналы Стывен Брыслін (Ёханэсбург), Карлас Агіяр Рэтэс (Мехіка) і Вісэнтэ Бакаліч Ігліч (Санцьяга-дэль-Эстэра, Аргенціна) і шматлікія кіраўнікі манаскіх ордэнаў.

Крытыка існуючай сістэмы кіравання даўгамі

Рэлігійныя лідары крытыкуюць існуючую сістэму G20 па рэструктурызацыі даўгоў бедных краін. Яны адзначаюць, што з моманту ўвядзення гэтай сістэмы, працэс рэструктурызацыі даўгоў стаў значна даўжэйшым, у той час як прыватныя крэдыторы зацягваюць перамовы і патрабуюць больш высокіх выплат. Гэта прыводзіць да таго, што "насельніцтва закранутых краін вымушана цярпець голад, жыць без доступу да жыццёва неабходных паслуг, карыстацца разбуранай інфраструктурай і змагацца з найцяжэйшымі наступствамі кліматычнага крызісу".

Ініцыятывы Папы ў барацьбе з даўгавым крызісам

У афіцыйнай буле аб абвяшчэнні Святога 2025 года Францішак сфармуляваў некалькі "заклікаў надзеі" для свету, сярод якіх – каб багатыя краіны спісалі даўгі эканамічна слабейшым краінам. “Caritas Internationalis" распачала кампанію пад назвай "Ператварыць даўгі ў надзею", якая мае на мэце зменшыць эканамічны цяжар краін з высокім узроўнем запазычанасці і садзейнічаць іх развіццю.

Пазіцыя Святога Пасада на міжнароднай арэне

25 лютага 2025 года арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, выступаючы перад Саветам ААН па правах чалавека ў Жэневе, таксама заклікаў да спісання даўгоў. "Амаль палова насельніцтва свету жыве ў дзяржавах, якія выдаткоўваюць больш на выплату даўгоў, чым на ахову здароўя і адукацыю", - сакратара па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі.
 

28 лютага 2025, 10:11