Амерыканскія біскупы пра дэпартацыі: паміж разуменнем і крытыкай
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Касцельныя прадстаўнікі па абодва бакі мяжы ЗША і Мексікі выказваюць свае меркаванні наконт міграцыйнай палітыкі новай адміністрацыі, паведамляе партал El Debate.
Крытыка дэпартацый і права на міграцыю
"Я заўсёды кажу тое, што актуальна і сёння: дэпартацыя не з'яўляецца міграцыйнай палітыкай", - падкрэслівае арцыбіскуп Лос-Анджэлеса Хасэ Арацыё Гомес, нагадваючы, што папярэдняя адміністрацыя Барака Абамы дэпартавала больш за пяць мільёнаў мігрантаў.
Арцыбіскуп Гомес, які сам нарадзіўся ў Мексіцы, прызнае неабходнасць кантролю меж, але падкрэслівае: "Людзі нараджаюцца з натуральным правам іміграваць у пошуках лепшага жыцця. Заможныя краіны павінны быць шчодрымі і прымаць іх". Ён працаваў з імігрантамі амаль 40 гадоў, "з тых часоў, калі быў маладым святаром у Тэхасе і Каларада. На працягу гэтага часу міграцыя заўсёды была пунктам канфлікту ў амерыканскім грамадстве.
Паміж законам і міласэрнасцю
"Мы ўсе згодныя, што не хочам нелегальных імігрантаў-тэрарыстаў ці гвалтоўных злачынцаў у нашых супольнасцях", - падкрэслівае Гомес. Адначасова ён патрабуе, каб у выпадку дэпартацыі павага да правоў і годнасці закранутых асоб захоўвалася.
Не кожны можа жыць у ЗША, сцвярджае народжаны ў мексіканскім Мантэрэі іерарх, які з 1995 года мае амерыканскае грамадзянства. Патрэбныя правілы і ўпарадкаваны працэс, "каб вырашыць, каго і колькі мы вітаем і на якіх умовах".
Неабходнасць рэформаў
Па ацэнцы арцыбіскупа Лос-Анджэлеса, сучасная сістэма мае недахопы. Кожная нацыя мае абавязак кантраляваць і абараняць уласныя межы. Здаецца, што ў Вашынгтоне недастаткова людзей, якія ставяцца да гэтага сур'ёзна. "Апошняя комплексная рэформа іміграцыйнай сістэмы нашай краіны адбылася ў 1986 годзе", - крытыкуе арцыбіскуп Гомес.
З другога боку мяжы: боль і надзея
Паводле біскупа Эўхеніё Ліра Ругарсія, які адказвае за дапамогу мігрантам у мексіканскім епіскапаце, строгая іміграцыйная палітыка Злучаных Штатаў закранае мільёны людзей: "больш за 13,5 мільёнаў чалавек без дакументаў непасрэдна і мільёны іншых ускосна".
Гэтае пытанне турбуе таксама яго сабратаў-біскупаў. Нядаўна мексіканская біскупская канферэнцыя звярнула ўвагу на пакуты людзей, якіх закранула дэпартацыя. "Яны адчуваюць вялікі боль, глыбокі страх і жахлівую няўпэўненасць", - заўважылі іерархі. Таму важна маліцца за іх, а таксама прапаноўваць ім матэрыяльную падтрымку. "Давайце разам паспрабуем інтэграваць іх у супольнасць", - заклікаюць біскупы.