Езуіцкая служба бежанцаў страціла 18 млн долараў дапамогі ад ЗША
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Міжнародная каталіцкая дабрачынная структура апынулася ў крытычным становішчы пасля таго, як адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа прыняла рашэнне пра замарожванне ўсёй замежнай дапамогі. Гаворка ідзе пра агульную суму ў 18 мільёнаў долараў, якія былі прызначаны для рэалізацыі праектаў у дзевяці краінах.
Жыццё больш за 100 000 бежанцаў было спынена за адзін дзень
"Гэта не проста лічбы ў справаздачах – гэта рэальныя чалавечыя лёсы. Жыццё больш за 100 тысяч бежанцаў было спынена за адзін дзень", – падкрэслівае кіраўнік JRS Міхаэль Шопф у інтэрв'ю Pope.
Найбольш складаная сітуацыя склалася ў адукацыйнай сферы. У Чадзе, напрыклад, школы для бежанцаў апынуліся перад неабходнасцю раптоўнага закрыцця. "Як можна закрыць школу ў пятніцу і проста працягнуць працу ў панядзелак?" - задаецца рытарычным пытаннем Шопф. У Іраку пад пагрозай спынення апынуліся праграмы дапамогі ахвярам генацыду.
Хто нічога не можа прапанаваць, той не мае значэння?
Кіраўнік JRS адзначае, што гэтая сітуацыя выяўляе больш глыбокую праблему – змену геапалітычнага парадку. Паводле інфармацыі яго калег з Вашынгтона, новы падыход можна ахарактарызаваць як transactional – гандлёвы, дзе кожная дапамога павінна мець узаемную выгаду.
"Галоўнае пытанне: якое месца займае чалавечая годнасць у гэтым новым парадку?" - разважае Шопф. Ён падкрэслівае, што бежанцы не могуць прапанаваць нічога ўзамен, і гэта робіць іх асабліва ўразлівымі. Схаваны месэдж такі: хто не можа нічога прапанаваць у адказ, той лічыцца нічога не вартым.
У пошуках новай падтрымкі
Езуіцкая служба не здаецца перад выклікам і ўжо распачала кампанію па зборы сродкаў, звяртаючыся да ўсіх езуіцкіх правінцый і верных прыхільнікаў, многія з якіх знаходзяцца ў ЗША. "Мы адчулі сапраўдную хвалю салідарнасці", - адзначае Шопф.
Маштаб праблемы становіцца яшчэ больш відавочным, калі ўлічыць, што USAID з'яўляецца найбуйнейшай у свеце арганізацыяй па рэалізацыі праграм развіцця. Паводле даных Caritas Internationalis, сродкі USAID складалі каля 40 працэнтаў усяго глабальнага бюджэту на праграмы развіцця. Спыненне фінансавання закранула праграмы ў больш чым 100 краінах, уключаючы клінікі для жанчын у Афганістане і кампаніі па вакцынацыі супраць віруса Эбола ў Афрыцы.