Дзяўчынкі з Газы праходзяць складанае лячэнне ў папскім шпіталі
Аляксандр Амяльчэня - Pope
14 лютага 2025 года папская педыятрычная клініка прыняла дзвюх маленькіх пацыентак з Газы. Дзяўчынкі прыбылі ў суправаджэнні сваіх маці і сясцёр. Медыцынскі персанал адразу ж пачаў інтэнсіўнае лячэнне.
"Bambino Gesù заўсёды гатовы прыняць дзяцей і падлеткаў, якія маюць патрэбу ў лячэнні з усяго свету, асабліва тых, хто прыбывае з зон канфліктаў", - падкрэслівае кіраўнік шпіталя Тыцыяна Анэсці. - У адпаведнасці з місіяй салідарнасці Папы Францішка, наша задача – прымаць, лячыць і дарыць надзею, клапоцячыся не толькі пра маленькіх пацыентаў, але і пра іх сем'і, таму што здароўе і годнасць кожнага дзіцяці не ведаюць меж".
Паводле інфармацыі шпіталя, адна з дзяўчынак пакутуе ад вострай формы лейкеміі і цяжкай двухбаковай пнеўманіі. Яна знаходзіцца пад наглядам каманды прафесара Франка Лакатэлі, і яе прагноз застаецца няпэўным. Другая дзяўчынка, якая мае прыроджаную хваробу сэрца, была шпіталізавана ў кардыялагічнае аддзяленне пад кіраўніцтвам прафесара Ларэнца Галеці.
З пачатку канфлікту 7 верасня 2023 года шпіталь Bambino Gesù ужо прыняў 11 палесцінскіх дзяцей. Для новых пацыентаў і іх сем'яў адразу была арганізавана служба прыёму і культурнага пасрэдніцтва, што дазваляе забяспечыць найлепшы догляд і падтрымку ў складаны для іх перыяд.