ҽ

Рэктар Бэтлеемскага каталіцкага ўніверсітэта брат Эрнан Сантас у Рыме Рэктар Бэтлеемскага каталіцкага ўніверсітэта брат Эрнан Сантас у Рыме 

Бэтлеем: ва ўніверсітэце занепакоены міграцыяй студэнтаў

У Бэтлеемскім каталіцкім універсітэце навучаецца ўсяго 21 працэнт студэнтаў хрысціян, рэшта – 79 працэнтаў – гэта мусульмане. Аднак, як адзначыў рэктар установы брат Эрнан Сантас, нягледзячы на “культурную і рэлігійную разнастайнасць, ёсць тое, што іх звязвае: агульная воля супрацьстаяць несправядлівай ваеннай акупацыі”.

Ян Глінскі

У размове з ватыканскімі СМІ рэктар указаў на адну з галоўных мэт, якая цяпер стаіць перад універсітэтам: не дапусціць міграцыі моладзі, асабліва хрысціянскай, якая моцна церпіць у Бэтлееме. Ён перакананы, што вырашальным проціяддзем ад міграцыі з’яўляецца забеспячэнне ім адпаведнай адукацыі. Аднак, з прычыны акупацыі Палестыны, універсітэцкае жыццё сутыкнулася са шматлікімі перашкодамі і цяжкасцямі. Ізраільскія вайскоўцы дванаццаць разоў закрывалі ўстанову, але кожны раз выкладчыкі і студэнты былі поўныя рашучасці не перапыняць навучанне – заняткі і экзамены працягваліся ў прыватных дамах або святынях.

Вялікай праблемай для многіх студэнтаў стала таксама пытанне маршруту. “Ад 7 кастрычніка вакол Бэтлеема ў дадатак да існуючых пунктаў пропуску ўсталявана 97 новых бар’ераў”, – адзначыў брат Эрнан Сантас.

Гісторыя каталіцкага ўніверсітэта ў Бэтлееме пачынаецца ў 1972 годзе. Яго заснаванне стала спаўненнем жадання Паўла VI, які ў 1964 годзе – упершыню пасля святога Пятра – здзейсніў папскі візіт у Палестыну. Універсітэт быў прызначаны для мясцовага насельніцтва, якое тады жыло ў цяжкіх умовах.

На сёння ва ўніверсітэце 212 выкладчыкаў навучаюць больш за тры тысячы трыста студэнтаў. Кіраўніцтва ўніверсітэта надае вялікую ўвагу таму факту, што 78 працэнтаў студэнтаў і 38 працэнтаў выкладчыкаў – гэта жанчыны. Палова студэнтаў родам з Бэтлеема, 40 працэнтаў – з Іерусаліма і 10 працэнтаў – з Хеўрона і іншых месцаў.

07 лютага 2025, 10:00