ҽ

Апостальскае падарожжа Францішка ў Ірландыю (2018.08.25) Апостальскае падарожжа Францішка ў Ірландыю (2018.08.25)  (Vatican Media)

Ірландскія біскупы: "Сто тысяч прывітанняў" мігрантам

Каталіцкія біскупы Ірландыі выдалі пастырскі ліст "Сто тысяч прывітанняў?" (A Hundred Thousand Welcomes?), заклікаючы да гасціннасці ў дачыненні да мігрантаў нягледзячы на грамадскую напружанасць.

Марыя Валодзіна, Аляксандр Амяльчэня - Pope

13 кастрычніка ў парафіях па ўсёй Ірландыі прагучала пасланне Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў краіны, прысвечанае актуальнай тэме міграцыі. Гэта першы пастырскі ліст ірландскіх біскупаў, цалкам прысвечаны гэтаму пытанню.

Выданне дакумента адбываецца на фоне ўзрастаючай напружанасці ў ірландскім грамадстве вакол пытання міграцыі. У студзені 2024 года сацыялагічнае апытанне паказала, што 66 працэнтаў насельніцтва Ірландыі лічыць, што іх краіна прыняла занадта шмат мігрантаў. Гэтыя настроі ўзмацніліся пасля гвалтоўных беспарадкаў у Дубліне ў лістападзе 2023 года, якія ўспыхнулі пасля нападу на дзяцей, здзейсненага грамадзянінам Ірландыі алжырскага паходжання.

У сваім пасланні біскупы прызнаюць, што павелічэнне колькасці мігрантаў абвастрыла некаторыя сацыяльныя праблемы, такія як недахоп жылля, бяздомнасць, цяжкасці ў сферы аховы здароўя і адукацыі. Аднак яны таксама падкрэсліваюць, што многія з гэтых праблем існавалі задоўга да ўзнікнення сучаснай міграцыйнай сітуацыі. Іерархі заклікаюць урад "несці адказнасць за непасрэднае вырашэнне гэтых недахопаў".

Біскупы адзначаюць, што апошнія статыстычныя даныя па міграцыі (149 200 чалавек прыбылі ў Ірландыю за мінулы год, у той час як 69 900 пакінулі краіну) сапраўды высокія, але "не на ўзроўні, які назіраўся раней", у перыяд эканамічнага росквіту 1990-2002 гадоў. Яны таксама падкрэсліваюць, што сучасная ірландская эканоміка істотна залежыць ад працы імігрантаў у такіх ключавых сектарах, як гасцінічны бізнес, адукацыя і ахова здароўя.

У сваім пасланні іерархі заклікаюць ірландскі народ памятаць пра сваю гісторыю, асабліва пра Вялікі голад XIX стагоддзя, які прымусіў 2 мільёна ірландцаў пакінуць Радзіму, а таксама пра хвалі масавай эканамічнай эміграцыі 1950-1980-х гадоў. Яны нагадваюць, што "каталіцкая вера сама па сабе з'яўляецца верай мігрантаў", прынесенай у Ірландыю святым Патрыкам, які сам быў мігрантам і былым рабом.

"Для Ірландыі гэта новы вопыт – быць краінай прызначэння для мігрантаў, што з'яўляецца яскравым прыкладам эканамічнага і сацыяльнага прагрэсу краіны", - адзначаюць біскупы. Яны заахвочваюць вернікаў ператвараць свае парафіі ў "супольнасці гасціннасці" і развіваць "культуру сустрэчы", якая выходзіць за межы простай талерантнасці ў дачыненні да прыбылых.

25 кастрычніка 2024, 16:05