Усходні Тымор: візіт Папы – важная падзея ў гісторыі краіны
Аляксандр Панчанка - Pope
Паводле некаторых тыморскіх выданняў, двухдзённая прысутнасць Святога Айца ў гэтай былой партугальскай калоніі, забяспечыла ёй надзвычайна высокі ўзровень вядомасці і прасоўвання ў сусветных СМІ.
Нягледзячы на высокі кошт падрыхтоўкі да папскага візіту, які склаў 12 мільёнаў еўра, гэтыя выдаткі былі неабходныя, і, як дадаюць некаторыя каментатары, яны дазволілі правесці неабходныя рамонтныя працы, асабліва ў цэнтры сталіцы краіны, Дзілі.
Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва KAI заўважыла, што ў медыя Усходняга Тымору, пераважаюць словы ўдзячнасці Святому Айцу, за тое, што ён выбраў гэту невялікую дзяржаву ў якасці аднаго з пунктаў свайго падарожжа ў Паўднёва-Усходнюю Азію і Акіянію.
СМІ адзначаюць, што высілкі 87-гадовага Папы, звязаныя з вельмі насычанай праграмай падарожжа, былі высока ацэнены мясцовымі жыхарамі: пра гэта сведчыла вялікая колькасць людзей уздоўж усяго маршруту Святога Айца і прысутнасць каля 600 тысяч чалавек – амаль паловы насельніцтва краіны – на Імшы, якую ён узначаліў на Эспланадзе Тасі Толу.