Біскупы Венесуэлы патрабуюць сумленнай праверкі вынікаў выбараў
Аляксандр Панчанка - Pope
Па афіцыйных даных, за пераабранне Нікаласа Мадуры на трэці прэзідэнцкі тэрмін прагаласавала каля 51 працэнта выбаршчыкаў, аднак апазіцыя і незалежныя назіральнікі заявілі аб фальсіфікацыях і перамозе апазіцыйнага кандыдата Эдмунда Ганзалеса.
Краіну ахапілі масавыя пратэсты, а значная частка міжнароднай супольнасці, у тым ліку большасць суседзяў Венесуэлы па Лацінскай Амерыцы, не прызналі афіцыйных вынікаў галасавання, якое прайшло 28 ліпеня 2024 года, і далучыліся да патрабавання венесуэльцаў абнародаваць усе выбарчыя пратаколы.
Паведамляецца, што падчас сутыкненняў з сіламі правапарадку загінулі па меншай меры тры чалавека і некалькі дзясяткаў былі паранены. У гэтай сітуацыі Канферэнцыя Біскупаў Венесуэлы выступіла з заявай, у якой далучылася да патрабавання праверкі вынікаў выбараў пры ўдзеле ўсіх зацікаўленых палітычных сіл.
Дзень галасавання “быў пазначаны масавым, актыўным і грамадзянскім удзелам усіх венесуэльцаў у выбарчым працэсе. Такім чынам мы пацвердзілі наша дэмакратычнае пакліканне”. “Як пастыры Божага народа мы ўважліва сочым за развіццём апошніх падзей і хочам выразіць нашу блізкасць і гатоўнасць да пастырскага суправаджэння ў гэтыя трывожныя хвіліны”, - напісалі венесуэльскія іерархі, заклікаючы народ трываць у надзеі. “Нашы думкі і нашы справядлівыя памкненні павінны быць рэалізаваны ў мірных паставах павагі і цярпімасці, якія пераважалі дагэтуль”, - гаворыцца ў закліку Канферэнцыі Біскупаў Венесуэлы.