Папа на біенале ў Венецыі – Святы Пасад і сучаснае мастацтва
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Візіт працягнецца каля пяці гадзін і ўключыць у сябе, між іншым, Імшу на плошчы святога Марка. Запланавана таксама прыватнае наведванне базілікі. Як падкрэсліваецца, папскі візіт стане “важнай вяхой у адносінах Святога Пасада да сучаснага мастацтва”.
Запрасіўшы італьянца Маўрыцыа Катэлана ў ватыканскі павільён на 60-й Венецыянскай біенале, Каталіцкі Касцёл паказвае, што ён гатовы да сюрпрызаў. Катэлан атрымаў вядомасць у СМІ ў 1999 годзе сваёй натуралістычнай інсталяцыяй, якая адлюстроўвае Папу Яна Паўла II, раздушанага вялікім метэарытам. Іншую працу Катэлана – Дзявятая гадзіна, – якая адносіцца да гадзіны смерці Езуса, многія палічылі правакацыйнай і нават крыўднай.
Папа Францішак – першы кіраўнік Касцёла, які прыедзе ў Венецыю на біенале. Падчас леташняй аўдыенцыі з нагоды 50-годдзя Ватыканскай калекцыі сучаснага мастацтва ён падкрэсліў асаблівыя адносіны паміж Касцёлам і творцамі. Ён назваў гэта “натуральным сяброўствам”, паколькі “мастак сур’ёзна ўспрымае неспасціжную глыбіню існавання, жыцця і свету, нават з яго супярэчнасцямі і трагічнымі аспектамі”.
Цяпер ён падкрэслівае гэта ў Венецыі, дзякуючы незвычайнаму размяшчэнню ватыканскага павільёна ў сапраўднай турме. Такім чынам, ён злучае экзістэнцыяльны памежны вопыт на задворках грамадства з мастацтвам, - заўважыла нямецкае каталіцкае агенцтва KNA у шырокім артыкуле, прысвечаным папскаму візіту.
Павільён Святога Пасада Маімі вачыма адкрыты з 20 красавіка па 24 лістапада 2024 года. Гэта мастацкая прапанова літаральна ўспрымае словы Францішка, які заклікае выйсці вонкі і ўбачыць рэчаіснасць, што часта лічыцца перыферыйнай і застаецца па-за межамі культурнай дыскусіі, на свае вочы.
Камісарам павільёна з’яўляецца кардынал Хасэ Таленціна дэ Мендонса, прэфект Дыкастэрыі па культуры і адукацыі, а куратарамі – К’яра Парызі і Бруно Расін. Свае працы прадставілі сусветна вядомыя мастакі: Маўрыцыа Катэлан, Бінту Дэмбеле, Сімон Фаталь, Клэр Фантэн, Соня Гомес, Карыта Кент, Марка Перэга і Зоі Салдана, Клер Табурэ і, як спецыяльны госць, Ханс Ульрых Обрыст.