ҽ

Папа Францішак Папа Францішак  (ANSA)

Крытык глабалізацыі: Францішак – незвычайны чалавек

“Кожныя пяць секунд дзіця ва ўзросце да дзесяці гадоў памірае ад голаду або яго прамых наступстваў. І гэта на планеце, перапоўненай багаццем”, - сказаў былы шматгадовы спецыяльны дакладчык ААН па правах на харчаванне.

Ян Глінскі

Паводле даных Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН, на якія спаслаўся швейцарскі сацыёлаг Жан Зіглер, сусветная сельская гаспадарка магла б пракарміць амаль у два разы большае насельніцтва, калі б паўсюднае права чалавека на харчаванне абапіралася на міжнародным праве і не залежала ад пакупніцкай здольнасці пакупнікоў. “Смяротных выпадкаў няма: дзіця, якое памерла ад голаду, было забіта”, - падкрэсліў Зіглер у інтэрв’ю для нямецкага каталіцкага агенцтва KNA.

Міжнародную вядомасць дзевяностагадоваму швейцарскаму актывісту прынесла барацьба з голадам і лютым капіталізмам. У Германіі выйшла яго новая кніга пад назвай Адкуль бярэцца голад у свеце? Размова з маім сынам.

Запытаны на тэму страху перад смерцю, актывіст адказаў, што верыць ва ўваскрашэнне і працытаваў забітага нацыстамі пратэстанцкага тэолага Дзітрыха Бонхёфера, які сказаў перад смерцю: “Мяне чакаюць”.

“Нас таксама чакаюць”, - сказаў Зіглер, дадаўшы, што гэта пацвярджае жыццёвы досвед. “Уся любоў у гэтым свеце павінна аднекуль паходзіць. Партызан, які аддае жыццё за справядлівасць. Палітычны вязень, які маўчыць падчас катаванняў, каб абараніць сваіх таварышаў. Але таксама маці і бацькі, якія робяць усё для сваіх дзяцей”, - падзяліўся сваімі думкамі сацыёлаг.

Швейцарскі крытык глабалізацыі з’яўляецца таксама прыхільнікам Папы Францішка. “Гэта незвычайны чалавек. Дух Святы павінен быў сапраўды адыграць ролю ў яго абранні”, - лічыць ён.

Жан Зіглер – швейцарскі сацыёлаг, дыпламат, спецыяліст у галіне харчовага суверэнітэту, прафесар парыжскай Сарбоны і Жэнеўскага ўніверсітэта, у 2000-2009 гадах з’яўляўся спецыяльным дакладчыкам ААН па правах на харчаванне, а таксама членам дарадчага камітэта Савета ААН па правах чалавека. Аўтар шматлікіх кніг, сярод якіх Капіталізм у перакладзе для маёй унучкі, Шляхі надзеі, Lesbos – ганьба Еўропы, Швейцарыя: золата і ахвяры, Геапалітыка голаду. Масавае знішчэнне і Імперыя ганьбы.
 

19 красавіка 2024, 10:43