ҽ

Жанчына ў Газе Жанчына ў Газе  (AFP or licensors) Калонка рэдактара

Безадказныя людзі і адказнасць народаў

Сцэнары вайны і вокліч народаў аб міры

Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Марыя Валодзіна - Pope

Тое, што адбываецца на Блізкім Усходзе ў апошнія шэсць месяцаў, трымае ўвесь свет у напружанні. Жорсткая атака ХАМАС на Ізраіль і забойства 1200 чалавек, у асноўным мірных жыхароў; маштабная бамбардзіроўка і ўварванне ў Сектар Газа, у выніку якога загінула амаль 34 тысячы чалавек, у асноўным грамадзянскіх асоб, многія з якіх – дзеці; удар па іранскаму дыпламатычнаму прадстаўніцтву ў Дамаску; адказ Ірана, які накіраваў дроны і ракеты на ізраільскія ваенныя аб'екты; і адказ Ізраіля, які атакаваў ваенныя аб'екты Ірана. З кожным днём становіцца ўсё больш рэальнай рызыка таго, што эскалацыя можа ўцягнуць увесь свет у канфлікт, наступствы якога немагчыма прадбачыць.

Разам з Папам Францішкам, адзіным сусветным лідарам, у чыіх словах можна пачуць усведамленне трагічнай ростані, на якой мы апынуліся, давайце скажам не вайне, не гвалту, так - міру, так - перамовам! Больш за дваццаць гадоў таму, пасля тэракту 11 верасня ў сэрцы Злучаных Штатаў, Святы Ян Павел II апублікаваў пасланне на Сусветны дзень міру пад такім значным загалоўкам: Няма міру без справядлівасці, няма справядлівасці без прабачэння. Праўдзівыя словы, прароцкія словы. Логіка рэакцыі і помсты, логіка абавязковага адказу запускае спіраль, з якой цяжка выйсці, і катастрафічныя наступствы якой лягуць на плечы народаў.

У свеце безадказных людзей, якія замест таго, каб змагацца з голадам, паляпшаць медыцынскае абслугоўванне, развіваць аднаўляльныя крыніцы энергіі і эканоміку, усё менш залежную ад фінансавых уладароў і больш уважлівую да агульнага дабра, якія інвестуюць велізарныя сумы ў пераўзбраенне, у дасканалыя інструменты смерці і разбурэння, - заклік не можа быць не накіраваны да адказнасці народаў. У той час як вернікі ўзносяць малітвы да Бога, каб Ён натхніў рашэнні кіраўнікоў, мільёны людзей аб'ядноўваюць свае галасы, каб узняць вокліч аб міры. Вайна – гэта бязвыхадная авантура. У свеце з арсеналамі, поўнымі ядзернай зброі, гэтыя драматычна праўдзівыя словы з кожным днём становяцца ўсё больш рэальнымі.

22 красавіка 2024, 12:16