ҽ

Андрэа Рыкардзі падчас сустрэчы з Францішкам Андрэа Рыкардзі падчас сустрэчы з Францішкам  (Vatican Media)

Вядомы грамадскі дзеяч бароніць пазіцыю Папы па Украіне

Заснавальнік Супольнасці святога Эгідзія выступіў у абарону слоў Францішка пра Украіну. Гаворка ідзе пра нядаўняе інтэрв’ю Францішка швейцарскаму тэлебачанню RSI.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

“Пантыфік казаў не пра капітуляцыю, а пра мужнасць весці перамовы, а гэта нешта зусім іншае”, - адзначыў Андрэа Рыкардзі ў інтэрв'ю італьянскай Corriere della Sera.

“Нават украінскія католікі адрэагавалі негатыўна” на каментары Папы ў інтэрв'ю швейцарскай тэлерадыёкампаніі RSI. На думку Рыкардзі, гэта “тое, што Францішак кажа ўжо некаторы час: пра бессэнсоўнасць гэтай вайны і пра тое, што кошт гэтага канфлікту – смерць, уцекачы і разбурэнні, які плаціць Украіна; менавіта таму трэба весці перамовы".

Па словах заснавальніка вядомай у свеце супольнасці, вайна ва Украіне знаходзіцца на “раздарожжы”; альтэрнатыва – “параза Украіны ці яе паступовае абяскроўленне ў яшчэ большай вайне”. Як падкрэсліў Рыкардзі, Папа далёкі ад прарасійскай пазіцыі. “Ён вельмі чулы да Украіны, ён шматразова казаў пра змучаны народ”. На жаль, “гнеў” у сувязі з палемікай вакол яго заявы робіць дэбаты аб пазіцыі Францішка “занадта павярхоўнымі”.

“Папа не з'яўляецца палітыкам і не выкарыстоўвае палітычную мову, ён нагадвае нам аб адной важнай рэчы, а менавіта, што мір сёння цалкам знік з гарызонту. Першынства міру. Цяжка сказаць, які шлях да яго вядзе, але пакуль мы не сядзем за стол, мы не зможам нават уявіць сабе гэтага”, - заявіў Рыкардзі.

На думку заснавальніка Супольнасці святога Эгідзія, Пантыфік сваімі апошнімі заявамі фактычна “падняў планку”. “Яго найвялікшая мэта – нарэшце прынесці мір украінскаму народу, і трэба заўважыць, што, кажучы пра "белы сцяг", ён крыху парваў з стомленай і канфармісцкай мовай апошняга часу ў дачыненні да расійска-ўкраінскай вайны", - лічыць ён.

“Сумная праўда” пасля двух гадоў вайны ва Украіне заключаецца ў тым, што “згасла ўяўленне аб міры”, - патлумачыў вядомы італьянскі грамадскі дзеяч. “Чаго хоча Папа? Вядома, не кінуць украінцаў на волю лёсу, а дапамагчы ім супраціўляцца і вызваліцца ад ціскоў гэтай вайны”, - дадаў ён.

У фрагменце інтэрв'ю, апублікаваным на выходных, Францішак сказаў: “думаю, што мацнейшы той, хто бачыць сітуацыю, хто думае пра людзей, хто мае смеласць падняць белы сцяг і весці перамовы”. Кіраўнік Залы Друку Святога Пасада Матэа Бруні пазней растлумачыў, што Папа “перш за ўсё хацеў заклікаць да спынення агню і адрадзіць мужнасць для перамоў”.
 

14 сакавіка 2024, 10:46