ҽ

Справаздача Open Doors 2024 аб пераследзе хрысціян у свеце Справаздача Open Doors 2024 аб пераследзе хрысціян у свеце 

Open Doors занепакоена маштабам пераследу хрысціянскіх жанчын

Паводле Глабальнага індэксу пераследу, які штогод рыхтуе Open Doors, маштаб пераследу хрысціянскіх жанчын значна адрозніваецца ад маштабу рэлігійнага пераследу ў дачыненні да мужчын.

Ян Глінскі

Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня, які адзначаецца 8 сакавіка, праваабарончая арганізацыя Open Doors звярнула ўвагу на адрозненні ў пераследзе па рэлігійнай прыкмеце ў залежнасці ад полу.

Як вынікае з рапарта, апублікаванага 5 сакавіка 2024 года, ключавым фактарам у пераследзе хрысціянак з’яўляецца адсутнасць бяспекі, што пагаршае існуючую ўразлівасць і ўзмацняе некаторыя формы рэлігійнага пераследу па гендарнай прычыне.

На агульную бяспеку грамадства ўплываюць, між іншым, эканамічныя крызісы, стыхійныя бедствы, палітычная нестабільнасць і канфлікты. У выніку адсутнасць бяспекі паглыбляе існуючую несправядлівасць, павялічвае беднасць, а таксама расавую і гендарную няроўнасць. На думку праваабарончых арганізацый, сітуацыі інтэнсіўнага насілля могуць ствараць новыя магчымасці для пераследу там, дзе ўжо існуе высокі ўзровень рэлігійнага пераследу.

Паводле справаздачы Open Doors 2024, у той час як мужчыны і хлопчыкі сустракаюцца з “мэтанакіраваным, яўным і жорсткім” пераследам і часта пакутуюць ад фізічнага або псіхалагічнага насілля, сітуацыя жанчын і дзяўчынак “больш складаная, схаваная і таксама жорсткая”. Хрысціянскім жанчынам найбольш пагражаюць прымусовыя шлюбы, сексуальнае, фізічнае і псіхалагічнае насілле і выкраданні. “Гэта адбываецца пераважна ў прыватнай сферы, часта за зачыненымі дзвярыма або здзяйсняецца людзьмі з сямейнага асяроддзя”, - адзначаецца ў рапарце.

Сексуальнае насілле, звязанае з канфліктамі, па-ранейшаму мае паўсюдны характар. Паводле апытання Open Doors, яно закранае жанчын хрысціянак у 82 працэнтах з пяцідзесяці краін, у якіх хрысціяне найбольш пакутуюць ад пераследу. Пры гэтым прымусовыя сужэнствы назіраюцца ў 84 працэнтах краін, фізічнае насілле – у 72 працэнтах краін, выкраданні – у 62 працэнтах краін.
 

08 сакавіка 2024, 11:13