Кустодыя Святой Зямлі дапамагла эвакуіраваць дзяцей з Газы
Ян Глінскі
Як паведаміў у размове з Pope ініцыятар акцыі айцец францішканін Ібрагім Фалтас, амаль кожнае з уратаваных дзяцей было выцягнута з-пад руін у Газе. Паступова маленькіх пацыентаў прымаюць у бальніцах Мілана, Фларэнцыі і Генуі, а таксама ў ватыканскім педыятрычным шпіталі Bambino Gesù.
Уся аперацыя стала магчымай дзякуючы інтэнсіўнаму супрацоўніцтву Ізраіля, Палесціны і Егіпта, дзе дзеці прайшлі ўступныя абследаванні і былі падтрыхтаваныя да далейшага шляху ў Італію. Першая частка дзяцей была дастаўлена транспартным самалётам, рэшта прыплыла на шпітальным караблі, які завяршыў сваю місію на Блізкім Усходзе.
“Пакуль што мы выцягнулі з пекла Газы 88 дзяцей і іх апекуноў. Гэта кропля ў моры патрэбаў, бо некалькі тысяч палесцінскіх дзяцей патрабуюць тэрміновай дапамогі”, - сказаў ініцыятар выратавальнай аперацыі. Францішканін назваў сітуацыю ў Сектары Газа апакаліптычнай, але выратаванне першых дзяцей дае надзею, што дабро пераможа і мір стане магчымым. Па словах душпастыра, пасля “цемры руін, холаду і знішчэння дзеці трапілі ў цяпло Італіі і сустрэлі велізарную сардэчнасць”.
Кожнае з уратаваных дзяцей мае сваю непаўторную гісторыю. Так, сярод уратаваных ёсць мама з чатырохмесячным дзіцяткам, якое жыве столькі ж, колькі ідзе вайна. “На пачатку быў адзін вялікі плач і пастаянныя пытанні, дзе мае браты і сёстры. Маці выехалі з хворымі ці параненымі дзецьмі, а іх мужы засталіся ў Газе з іншымі дзецьмі, - патлумачыў айцец Фалтас. - Калі я наведаў іх у бальніцы ў Фларэнцыі, бацькі плакалі, расказвалі пра тое, што перажылі ў пекле Газы і не хацелі мяне адпускаць, бо маё веданне арабскага дапамагала ім адчуваць сябе ў бяспецы”.
Міністр замежных спраў Італіі, які асабіста вітаў дзяцей і іх апекуноў, выказаў надзею, што ўдасца дапамагчы значна большай колькасці маленькіх пацыентаў, чым планавалася дагэтуль. Калі стала вядома аб арганізацыі гуманітарных калідораў з Газы, гаворка вялася пра 120 дзяцей. Антоніа Таяні прызнаўся, што немагчыма заставацца абыякавымі да іх лёсу і ўсёй трагедыі ў Газе, дзе дзеці не могуць атрымаць нават першай медыцынскай дапамогі.
Прыняцце палесцінскіх дзяцей стала магчымым таксама дзякуючы валанцёрам з Супольнасці святога Эгідзія. Айцец Фалтас узрушаны адкрытасцю італьянцаў: “Пастаяння адгукаюцца новыя бальніцы, гатовыя прыняць нашых дзяцей”.