ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Copyright: Aid to the Church in Need)

Каталіцкія арганізацыі заклікаюць не спыняць дапамогу ўкраінцам

Цярпенні мірных жыхароў ва Украіне нельга ігнараваць: гуманітарная дапамога і чалавечая салідарнасць па-ранейшаму вельмі неабходныя – для выжывання, а таксама як “знак надзеі”.

Ян Глінскі

Гуманітарныя арганізацыі, якія працуюць у рэгіёне, звярнулі ўвагу на мноства забытых ахвяраў вайны ва Украіне: пажылыя людзі, непаўнаспраўныя, жыхары вёскі і дзеці сутыкаюцца з асаблівымі праблемамі. Пра гэта гаворыцца ў спецыяльных заявах да другой гадавіны паўнамаштабнай расійскай агрэсіі, якая распачалася 24 лютага 2022 года.

На сёння, як вынікае з даных, 17,6 мільёнаў украінцаў залежаць ад паставак дапамогі. На становішча пажылых людзей і непаўнаспраўных асобаў, як паведамляе нямецкае каталіцкае агенцтва KNA, звярнулі ўвагу Caritas Германіі і арганізацыя дапамогі Handicap International (HI). Вайна ўжо пакінула ў зямлі шмат неразарваных боепрыпасаў і мін, якія адрэзалі раёны вакол Харкава і Дняпра на ўсходзе, а таксама вакол Мікалаева і Херсона на поўдні Украіны ад рэшты краіны. Многія з тых, хто застаўся ў прыфрантавых вёсках – асабліва пажылыя і непаўнаспраўныя асобы – часам нават не адважваліся пакінуць свае небяспечныя месцы жыхарства. У выніку вялікае мноства палёў не было апрацавана.

Каталіцкая гуманітарная арганізацыя ў Аўстрыі Jugend Eine Welt (“Моладзь –адзін свет”) выказалася адносна цяжкай сітуацыяй дзяцей у час вайны, працытаваўшы ў сваім прэс-рэлізе ўкраінскіх сясцёр салезіянак, якія працуюць у сваёй невялікай кіеўскай школе: “Штодзённыя сігналы аб ракетах і выццё сірэн нясуць далёка ідучыя псіхалагічныя наступствы; мы заўсёды жывем у страху і няпэўнасці”. Пасля начных атак, калі даводзіцца ісці ў сховішчы, дзеці днём стомленыя і нервовыя або прыходзяць у школу са спазненнем. Калі ж ракетная трывога здараецца ў школьны час, вучні неадкладна пераходзяць у бамбасховішча, дзе працягваюцца заняткі. У вялікіх дзяржаўных школах без дастаткова вялікага сховішча ўрокі часта не праводзяцца.

Гуманітарная сітуацыя на вызваленых тэрыторыях на поўдні краіны таксама няпэўная, а людзі змучаны вайной. Па словах сястры салезіянкі Тэрэзы Матыі, знакам надзеі былі і застаюцца пастаўкі ежы, адзення, дроваў, генератараў і сродкаў гігіены, але перш за ўсё – прысутнасць валанцёраў і слуханне іх уласных гісторый.
 

23 лютага 2024, 08:19