Шэсць манахінь выкрадзены ў сталіцы Гаіці
Аляксандр Панчанка - Pope
Манахіні ехалі ва ўніверсітэт на аўтобусе, які спыніла група ўзброеных людзей, захапіла ўсіх пасажыраў, у тым ліку кіроўцу, у заложнікі і з’ехала разам з імі ў невядомым кірунку. На працягу апошняга тыдня ўзровень гвалту ў сталіцы Гаіці ўзрос да такой ступені, што сіламі правапарадку былі ачэпленыя цэлыя кварталы горада. Значную частку Порт-о-Прэнса кантралююць узброеныя банды.
Факт выкрадання быў пацверджаны мясцовай Канферэнцыяй мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцяў. Яго рашуча біскуп дыяцэзіі Анс-а-Ву і Мірагоана П’ер-Андрэ Дзюма. Іерарх назваў здарэнне “ганебным і варварскім учынкам, які дэманструе непавагу да годнасці кансэкраваных жанчын, якія цалкам прысвяцілі сябе Богу, каб выхоўваць і навучаць моладзь, самых бедных і безабаронных” членаў грамадства.
Біскуп заклікаў вызваліць усіх заложнікаў і спыніць такія злачынныя практыкі, а таксама заахвоціў гаіцянскае грамадства аб’яднацца, каб стварыць сапраўднае кола салідарнасці вакол усіх выкрадзеных у краіне людзей дзеля іх вызвалення і як мага хутчэйшага і бяспечнага вяртання ў свае дамы, сем’і і супольнасці. Іерарх прапанаваў узяць у заложнікі яго замест захопленых людзей.