Кардынал Краеўскі з місіяй міру ў Святой Зямлі
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Місія папскага элемазінарыя – маліцца за мір і падтрымаць людзей, якія пакутуюць ад чарговай вайны, якая залівае крывёй радзіму Езуса. Год таму іерарх правёў Каляды з бежанцамі і валанцёрамі ва Украіне, прадэманстраваўшы блізкасць Святога Айца да пакутнага народа.
Дыкастэрыя па міласэрным служэнні ў спецыяльным паведамленні падкрэсліла, што місія кардынала Краеўскага ў Святой Зямлі з’яўляецца канкрэтным знакам удзелу Святога Айца ў пакутах усіх, хто адчувае наступствы войнаў. У тэксце звяртаецца ўвага на тое, што Францішак пакутуе ад фрагментарнай трэцяй сусветнай вайны, кожны дзень моліцца за мір і заклікае спыніць канфлікты, якія заліваюць крывёй пакутлівую Украіну, Сірыю, многія краіны Афрыкі, а цяпер таксама Ізраіль і Палесціну. У паведамленні падкрэсліваецца, што жаданне Святога Айца заключаецца ў тым, каб падарожжа яго легата суправаджалася малітвай аб дары міру ў месцах, дзе яшчэ гучыць бразганне зброяй.
У інтэрв’ю Pope кардынал Краеўскі нагадаў аб тым, што ў 2022 годзе па просьбе Папы ён правёў Божае Нараджэнне ва Украіне, у прыватнасці ў Фаставе, мястэчку за 80 кіламетраў ад Кіева, з бежанцамі і валанцёрамі. “На гэтыя надыходзячыя святы Папа вырашыў накіраваць мяне ў Святую Зямлю, у Іерусалім, каб разам з мясцовай супольнасцю і Лацінскім Патрыярхам, а таксама іншымі рэлігійнымі лідарамі маліцца за мір. За мір, якога, як бачым, свет даць не можа. Таму я правяду гэтыя дні ў малітве ў гэтым дарагім для ўсіх хрысціян месцы”, - сказаў іерарх.
Ён прызнаўся, што на сённяшні дзень не ведае, дзе можна будзе здзейсніць Эўхарыстыю і памаліцца разам з іншымі, паколькі раён Палесціны, асабліва Газа, ахоплены вайной. “Святы Айцец вельмі хацеў, каб я быў у Святой Зямлі, прадстаўляў яго, маліўся і такім чынам быў побач з людзьмі, якія моцна пакутуюць”, - сказаў элемазінарый.
У заяве Дыкастэрыі па міласэрным служэнні звяртаецца ўвага на актуальнасць просьбы аб міры, якую Францішак у 2014 годзе скіраваў у Ватыканскіх садах у прысутнасці прэзідэнтаў Ізраіля і Палесцінскай аўтаноміі.