ҽ

Іерусалім. Ілюстрацыйнае фота Іерусалім. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Іерусалім: жыццё нармалізуецца, але без турыстаў і пілігрымаў

Той, хто зараз едзе ў Ізраіль праз аэрапорт Бэн-Гурыён у Тэль-Авіве, звычайна мае неадкладныя дзелавыя або сямейныя абавязкі, турызм і паломніцтва адышлі на другі план, хоць жыццё тут нармалізуецца.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

У той час як на поўдні Ізраіля, асабліва ў раёне Газы, сірэны выюць амаль кожную гадзіну з прычыны ракетных абстрэлаў ХАМАСа, у Іерусаліме пагроза паменшылася. Апошні раз трывога тут была абвешчаная каля двух тыдняў таму. У прыватнасці, у яўрэйскім заходнім раёне Іерусаліма жыццё ў асноўным вярнулася ў нармальнае рэчышча: адчыніліся крамы і рэстараны. Аб гэтым гаворыцца ў аўстрыйскага каталіцкага агенцтва Kathpress.

Аднак у Старым горадзе адчуваецца недахоп турыстаў. Там, дзе звычайна збіраюцца натоўпы людзей з усяго свету, вузкія завулкі запоўненыя практычна толькі мясцовымі жыхарамі. Прадаўцы ў сувенірных крамах чакаюць пакупнікоў, але яны не з'яўляюцца. У многіх крамах металічныя жалюзі зацягнуты або адкрыты толькі на некалькі гадзін.

Ва ўнутраным двары базілікі Гроба Хрыстовага пуста, калі не лічыць двух паліцэйскіх, якія стаяць на варце. Звычайных для гэтага месца чэргаў няма. Таксама няма праваслаўных манахаў, якія звычайна жэстамі накіроўваюць паломнікаў да капліцы Смерці на Крыжы. У храмавым лабірынце перамяшчаецца ўсяго адзін-два дзясяткі наведвальнікаў. Трое расіян моляцца ля каменя памазання, а за імі фатаграфуюцца дзве філіпінкі – абедзве супрацоўніцы іерусалімскіх гатэляў.

Тым не менш, паломніцкі турызм не цалкам спыніўся, адзначае хрысціянскі інфармацыйны офіс пры Яфскай браме ў Старым горадзе. Пастаянна ёсць меншыя групы наведвальнікаў – напрыклад, з Партугаліі. Рэгулярна прыбываюць групы хрысціян з Інданезіі, шлях якіх ляжыць праз Егіпет, Іарданію, Палесцінскія тэрыторыі і Ізраіль.

Пасля трох тыдняў шоку, калі многія сферы грамадскага жыцця былі паралізаваны, сітуацыя ў горадзе нармалізуецца. Аднак прызыў рэзервістаў прывёў да адчувальнага дэфіцыту кадраў у многіх сферах паўсядзённага жыцця. Тым часам на гарадскім ландшафце з'яўляюцца ўзброеныя грамадзянскія асобы. Ультраправы міністр бяспекі Ітамар Бэн-Гевір спрасціў выдачу зброі ізраільцянам. Паводле звестак мясцовых СМІ, з пачатку вайны было выдадзена 23 тысячы адзінак агнястрэльнай зброі.

Касцёльныя колы інфармуюць аб тым, што сітуацыя хрысціян у раёне застаецца напружанай. У хрысціянскіх супольнасцях Віфлеемскага рэгіёну ўсё больш і больш людзей задумваюцца аб эміграцыі. Хрысціяне, якія шмат у чым залежаць ад паломніцкага турызму і зарабляюць на жыццё разьбой па дрэве, суправаджэннем пілігрымак і працай ў гатэлях, не маюць даходаў. У выніку надыходзячае Божае Нараджэнне ў Святой Зямлі будзе адзначацца як звычайна набажэнствамі ў памяць аб Нараджэнні Хрыста, але без вялікіх публічных урачыстасцей.
 

11 снежня 2023, 10:37