Біскупы краін ЕС аб новым міграцыйным пакце
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Ідэя заключаецца ў тым, каб прыняць законы і механізмы, якія б забяспечвалі роўнае, справядлівае і гуманнае абыходжанне з кожным мігрантам і тым, хто просіць аб прытулку на ўсіх этапах працэдуры.
У заяве COMECE падкрэсліваецца, што мігранты і асобы, якія шукаюць прытулку, – гэта не лічбы, а людзі, якія заслугоўваюць велікадушнасці, салідарнасці і падтрымкі. Іерархі заахвоцілі тых, хто прымае палітычныя рашэнні ў Еўрапейскім Саюзе, распрацаваць палітыку супольнасці ў гэтай сферы, якая б паставіла чалавека ў цэнтр увагі ў адпаведнасці з чатырма прынцыпамі Папы Францішка: вітаць, абараняць, падтрымліваць і інтэграваць.
Каб увасобіць гэту канцэпцыю, еўрапейскія біскупы прадставілі наступныя палітычныя рэкамендацыі: цалкам захаваць доступ да прытулку як асноўнага права чалавека для ўсіх, хто мае патрэбу ў міжнароднай абароне, і гуманна ставіцца да кожнага; гарантаваць бяспечнае месца асобам, якія ўцякаюць са сваёй краіны ад пераследу або вайны; дэманстраваць практычную салідарнасць паміж дзяржавамі-членамі для лепшага кіравання патокам мігранатаў; гарантаваць, каб ідэнтыфікацыя грамадзян трэціх краін на межах ЕС ажыццяўлялася ў адпаведнасці з падыходам, які паважае годнасць кожнага чалавека; укараніць больш бяспечныя і рэгулярныя каналы, якія не толькі палепшаць кіраванне міграцыйнымі патокамі, але і скароцяць нелегальную міграцыю; гарантаваць права на доступ да прытулку на справядлівых умовах, надаючы асаблівую ўвагу сем'ям з дзецьмі і непаўналетнім без суправаджэння; даць бяспечнае і годнае жыллё на час судовага разбіральніцтва.
Прызнаючы абмежаванні прымаючых краін у прыёме мігрантаў, COMECE заклікала пазбягаць рашэнняў, якія могуць прывесці да стварэння лагераў з небяспечнымі ўмовамі. На думку біскупаў, прыкладам тут можа служыць арганізацыя прыёму бежанцаў з Украіны пасля 2022 года.