Святы Пасад у ААН пра палесціна-ізраільскае пытанне
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Арцыбіскуп Габрыэле Кача выступіў падчас дэбатаў па Блізкаўсходнім агенцтве ААН для дапамогі палесцінскім бежанцам (UNRWA).
Ватыканскі дыпламат звярнуў увагу на беспрэцэдэнтную эскалацыю насілля ў Ізраілі і Палесціне, што прывяло да сумных маштабаў пакут. Ён паўтарыў асуджэнне Апостальскай Сталіцай тэрарыстычнай атакі, учыненай ХАМАС і іншымі ўзброенымі групамі супраць народа Ізраіля 7 кастрычніка 2023 года, адначасова выказаўшы занепакоенасць катастрафічнай гуманітарнай сітуацыяй у сектары Газа.
Кача заявіў аб падтрымцы Святым Пасадам дзейнасці Блізкаўсходняга агенцтва ААН, якое “мае вырашальнае значэнне для садзейнічання чалавечаму развіццю і аказання гуманітарнай дапамогі палесцінскім бежанцам, застаючыся крыніцай надзеі на тое, што мірная будучыня магчымая”. Некалькі супрацоўнікаў Агенцтва загінулі ў апошнія дні.
“Адзіным трывалым адказам на цяжкае становішча палесцінскіх бежанцаў з'яўляецца справядлівы мір, які адпавядае законным патрабаванням як палесцінцаў, так і ізраільцян. Дасягненне такога пагаднення на аснове двухдзяржаўнага рашэння патрабуе спынення цяперашніх ваенных дзеянняў і дээскалацыі напружанасці, у тым ліку на рэгіянальным узроўні”, - сказаў дыпламат.
На думку Святога Пасада, законныя ўлады Палесціны і Ізраіля пры падтрымцы ўсёй міжнароднай супольнасці “павінны прадэманстраваць мужнасць у аднаўленні прыхільнасці да міру, заснаванага на справядлівасці і ўзаемнай павазе”. Гэта “адзіная рэальная магчымасць назаўсёды спыніць цыкл насілля, які ахапіў гэтую зямлю, настолькідарагую для хрысціян, юдэяў і мусульман”.