Дзяржсакратар Паралін пра генацыд голадам ва Украіне
Аляксандр Амяльчэня - Pope
23 лістапада 2023 года ў рымскай базіліцы Сант-Андрэа-дэла-Вале кардынал П'етра Паралін узначаліў Эўхарыстыю ў інтэнцыі ахвяр “генацыду голадам”, які меў месца ў савецкай Украіне 90 гадоў таму.
“Кожны раз, калі чалавек спрабуе быць гаспадаром гісторыі, узурпуючы месца Бога, які з’яўляецца Панам гісторыі, ён у выніку сее зерне смерці”, - адзначыў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца. Ён падкрэсліў, што калі палітычная ўлада не служыць агульнаму дабру, гэта можа прывесці да знішчэння цэлых груп насельніцтва.
Іерарх нагадаў, што цяпер на тэрыторыі Украіны ідзе бязлітасная вайна, якая пачалася 21 месяц таму з агрэсіі расійскай арміі. Ён выказаў спачуванні ўсім яе ахвярам.
Кардынал Паралін заахвоціў украінцаў не паддавацца адчаю, быць “моцнымі ў веры, моцнымі ў пакутах і адкрытымі на дар міру, які паходзіць ад Бога”, упэўненымі, што Божая справядлівасць асуджае зло і “паказвае Божае збаўленне тым, хто ідзе прамым шляхам”.