ҽ

Поль дэ Ліўрон Поль дэ Ліўрон  (dioceseparis.fr)

У Марсэлі Святому Айцу ўручаць незвычайны падарунак

Падчас візіту ў Марсэль Францішак атрымае незвычайны падарунак – драўляны інвалідны вазок. Яго канструктарам з’яўляецца Поль дэ Ліўрон, які прадэманстраваў дызайн-праект Папу падчас адной з агульных аўдыенцый і атрымаў яго адабрэнне.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Дзякуючы высокай спінцы, масіўным падлакотнікам і плаўным выгібам канструкцыя нагадвае трон, што рэзка кантрастуе з цяперашнім інвалідным крэслам Пантыфіка. Гэта свядомы выбар цесляра, і ён спадзяецца, што кіраўнікі дзяржаў і высокія асобы, з якімі сустракаецца Папа, застануцца пад уражаннем.

Цікава, што 30-гадовы мужчына і сам ведае, што такое фізічныя абмежаванні. Яго паралізавала ў 2013 годзе ў выніку няшчаснага выпадку. Ён успамінае, што першы раз, калі ён выехаў на вуліцу ў інвалідным крэсле, стаў для яго жахлівым, і ён быў упэўнены, што ўсе толькі і кажуць пра яго абмежаванні.

Падчас стажыроўкі ў свайго стрыечнага брата, які быў цесляром, ён перажыў лёсавызначальны пералом і адкрыў каштоўнасць працы з дрэвам. Тады малады чалавек зрабіў першую інвалідную каляску са склееных кавалачкаў дрэва – такая тэхналогія дае значную свабоду ў выбары форм. Ён лічыць, што прыгожа зробленая інвалідная каляска перастае быць проста медыцынскім вырабам.

Творца-рамеснік спадзяецца, што Францішку спадабаецца новае крэсла і яно будзе яму доўга служыць падчас самых важных сустрэч.

Ён прызнаўся, што першапачаткова не быў самым вялікім прыхільнікам цяперашняга Папы, але, пазнаёміўшыся з яго вучэннем, выявіў, што гэта менавіта той Пантыфік, які патрэбны ў наш час, таму што ён смелы, адкрыты і нагадвае свету аб прынцыпах Евангелля.
 

20 верасня 2023, 10:38