Кардынал Авелін: агульная карысць – не толькі карысць мігрантаў
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Кардынал Жан-Марк Авелін, гаспадар форуму, падкрэсліў, што цяперашняя сітуацыя з’яўляецца вялікім выклікам не толькі для грамадства, але і для Касцёла. На яго думку, трэба думаць прагматычна і не падманваць сябе, што Еўропа можа прыняць усіх.
“Варта пазбягаць наіўных выказванняў. Гэта небяспечна. У той жа час мы павінны пазбягаць рызыкі крыміналізацыі мігранта і ўцекача, як быццам ён з'яўляецца прычынай усіх сусветных бед. Гэта таксама вынік скажонага бачання міграцыі, а часта і выбарчай гульні”, - сказаў арцыбіскуп Марсэля.
Французскі іерарх падкрэсліў, што таксама Касцёл павінен знайсці свой уласны шлях рэалізацыі блізкасці, выяўлення агульнай карысці і пошуку гармоніі з цэлым. Марсэль, куды прыбудзе Папа, – самы арабскі горад у Еўропе, кожны трэці яго жыхар – вызнаўца ісламу. Для хрысціян гэта стварае шмат новых выклікаў у штодзённым жыцці.
Сустрэча ў Марсэлі з'яўляецца працягам таго, што ўжо было дасягнута на Міжземнаморскіх самітах у Бары і Фларэнцыі. Цяперашнія дэбаты сканцэнтраваны на чатырох асноўных тэмах: эканамічныя і сацыяльныя праблемы, пагрозы, выкліканыя змяненнем клімату, міграцыя, геапалітычная і рэлігійная напружанасць.
“Ідэя заключаецца ў тым, каб разам з Папам мы маглі паглядзець на Міжземнае мора, на выклікі, з якімі яно сутыкаецца, на рэсурсы, якія яно мае, і рэсурсы, у якіх яно мае патрэбу. (...) Мы павінны працаваць, таму што цяперашнія прапановы ЕС, напрыклад, Германіі, праваліліся. Мы павінны дзейнічаць, важна не здавацца і вучыцца на сваіх памылках. Мы не можам вырашыць праблемы міграцыі, проста кажучы, што трэба прыняць мігрантаў. Вядома, мы павінны іх прымаць, але варта рабіць гэта на агульную карысць. А агульная карысць – гэта не толькі карысць мігрантаў, гэта карысць усіх нас. Імкнуцца да дыялогу і ўзаемапавагі. Гэта сутнасць ідэнтычнасці Марсэля, яго пакліканне. І гэтая падзея адпавядае яго пакліканню”, - падкрэсліў кардынал Жан-Марк Авелін.