ҽ

Наступствы паводкі ў Лівіі Наступствы паводкі ў Лівіі  (ANSA)

Біскуп Рыджыла: Лівія патрабуе міжнароднай дапамогі

Лівія не зможа самастойна справіцца з наступствамі катастрафічнай паводкі, – перакананы біскуп Сандра Авэрэнд Рыджыла, Апостальскі вікарый Бэнгазі, што ў рэгіёне, пацярпелым ад стыхійнага бедства.

Ян Глінскі

Моцныя дажджы ў гэтай краіне – вялікая рэдкасць. Плаціны з-за дрэннага стану не вытрымалі напору вады, што прывяло да вельмі трагічнага бедства. Колькасць загінулых ужо перавысіла пяць тысяч чалавек, дзесяць тысяч – лічацца зніклымі без вестак.

Мальтыйскі біскуп-місіянер падкрэслівае, што ў такіх абставінах мы ўсе толькі людзі. “Пакуты закранаюць кожнага з нас. Нават калі нас аддзяляюць тысячы кіламетраў, нас павінна хваляваць цярпенне кожнага чалавека, так, нібы гэта наша ўласнае цярпенне”, – падкрэсліў біскуп у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё.

“Мы ў адноснай бяспецы ў Бэнгазі. Быў моцны шторм, ліўні і шквал, але асаблівых праблем не было. Улады сказалі, каб мы тры дні сядзелі дома. У горных раёнах сітуацыя значна горшая. Вядома, усе спалохаліся, бо такія буры тут бываюць рэдка. Найгоршая сітуацыя ў Дэрне, да якой 4 гадзіны язды на машыне. Галоўныя дарогі ў гэты час непраязныя. Падтрымка пацярпелым паступае з Бэнгазі і праз Чырвоны Крыж. Аднак патрэбна міжнародная дапамога”, - сцвердзіў біскуп Рыджыла.

Па інфармацыі місіянера, у пацярпелым рэгіёне знаходзіцца ад 2 да 2,5 тысяч хрысціян. Тым не менш Касцёл клапоціцца пра ўсіх, бо яго місія на працягу вякоў была засяроджана на самых бедных, а Лівія – бедная краіна.
 

15 верасня 2023, 11:03