ҽ

 Арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас Арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас 

Нунцый у Кіеве пра маральнае аб’яднанне супраць расійскай вайны

Шакіруе той факт, што не ўсе Цэрквы аднадушна асуджаюць гэту вайну, - прызнаў з непрыхаванай горыччу апостальскі нунцый у Кіеве, арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Іерарх лічыць гэта “вялікай праблемай”, бо можна было б чакаць, што “ўсе рэлігіі, а таксама неканфесійныя людзі, павінны быць маральна аб’яднаныя супраць расійскай вайны”. На яго думку, адсутнасць адзінства ў рэлігійным асяроддзі ў гэтым пытанні “сведчыць аб дапушчаных недахопах”.

“Гэта паказвае, што ўжо прадпрынятых намаганняў недастаткова. Магчыма, мы занадта дыпламатычныя ў нашых дыялогах, таму што вынікі вельмі негатыўныя”, - лічыць літоўскі іерарх. Ён прызнаўся, што яго вельмі засмучае немагчымасць арганізацыі гуманітарных калідораў для эвакуацыі людзей або забеспячэння іх ежай і вадой. Не ўдаецца атрымаць дазвол ад расійскіх вайсковых улад.

“Езус кажа ў Евангеллі, што трэба даць ежу, ваду і вопратку тым, у каго нічога няма, што трэба наведаць зняволеных, а мы не можам гэтага зрабіць праз дзеянні Расіі. Гэта вялікая трагедыя", - адзначыў папскі прадстаўнік.

Ён прызнаў, што ўкраінцы прывыклі да гэтай вайны. Гэта можа здацца неверагодным, але нават манахіні навучыліся распазнаваць тыпы расійскіх ракет, якія ляцяць над горадам. У Кіеве жывецца больш-менш нармальна, але гэтага нельга сказаць пра такія гарады, як Херсон ці Мікалаеў. Людзей там па-ранейшаму абстрэльваюць, у іх няма ні вады, ні ежы, ні электрычнасці. Калі ім дастаўляюць хлеб і ваду, яны вельмі шчаслівыя. А што ўжо казаць пра тых, хто жыве на акупаванай тэрыторыі. Гэта вельмі складаная сітуацыя, - канстатаваў арцыбіскуп Кульбокас.

У парталу OSV News, на якое спасылаецца Catholic register, ён нагадаў, што сам, як літовец, нарадзіўся ў Савецкім Саюзе. Калі яму было 13-14, ён верыў уладам, як вераць расіяне сёння. Ён верыў ім, калі яны казалі, што гэта лепшая краіна ў свеце, што толькі яны хочуць міру, а ўсе астатнія хочуць нас знішчыць.

“Мы ў гэта верылі, таму што прапаганда была вельмі моцнай. Гэта агрэсія, якая разбурае жыццё кожнаму. І цяпер наступствы гэтага значна больш сур'ёзныя. Таму лягчэй зразумець асцярогі ўкраінцаў у дачыненні да Расіі”, - заключыў ватыканскі дыпламат.
 

13 ліпеня 2023, 10:42