Калумбія: Касцёл і ААН будуць назіраць за спыненнем агню
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Аб гэтым папрасілі Касцёл і Арганізацыю Аб’яднаных Нацый, паведаміў 6 ліпеня 2023 года выданню El Tiempo ксёндз Эктар Фабіа Энао, адказны за адносіны паміж Касцёлам і дзяржавай у Канферэнцыі Біскупаў Калумбіі.
“Спадзяемся, што спыненне агню станоўча паўплывае на жыццё ўсіх суполак і на пераадоленне праблем, якія мелі месца ў жыцці грамадства ў мінулым”, - сказаў ксёндз Энао. Ён падкрэсліў, што гэты час стане своеасаблівай гуманітарнай дапамогай, якой чакаюць многія. Гэта павінна стварыць умовы для перамоў, усё больш заснаваных на даверы і здольнасці абодвух бакоў да дээскалацыі канфлікту.
У якасці прадстаўніка Касцёла ксёндз Энао назіраў за перамовамі паміж урадам і партызанамі ў Венесуэле, Кубе і Мексіцы. Хоць цяперашняе спыненне агню з'яўляецца часовым і не канчатковым, святар выказаў спадзяванне на тое, што гэты жэст закладзе аснову для ўдзелу грамадскасці ў перамовах з партызанамі – для наступнай фазы працэсу.
На мінулым тыдні Армія нацыянальнага вызвалення абвясціла аб спыненні ўсіх наступальных ваенных дзеянняў, з чым пагадзіўся і ўрад. Гэта робіцца для падрыхтоўкі да двухбаковага спынення агню, якое павінна пачацца 3 жніўня, узгодненага раней у трох раўндах перамоў.
Армія нацыянальнага вызвалення ў цяперашні час з'яўляецца найбуйнейшай дзеючай партызанскай групай у краіне. Яна нясе адказнасць за дзясяткі тысяч смерцяў у выніку ўзброенага канфлікту, які доўжыцца дзесяцігоддзі. Партызаны рэгулярна з 2001 года аднаўляюць мірныя перамовы з урадам Калумбіі. Аднак да гэтага часу прарыву ў іх не адбылося, а арганізацыя, якая налічвае больш за 2 тысяч чальцоў, адмаўляецца скласці зброю.
Левы прэзідэнт Калумбіі Густава Петра зрабіў галоўнай задачай свайго прэзідэнцтва рэалізацыю мірнай стратэгіі шляхам перамоў з усімі ўзброенымі групоўкамі ў краіне.