Пакістан: Касцёл заклікаў улады разам ратаваць эканоміку
Ян Глінскі
Словы іерарха азіяцкае каталіцкае інфармацыйнае агенцтва UCANews. Каталіцкі Касцёл у Пакістане заклікаў прадстаўнікоў улады да супольных дзеянняў дзеля ратавання эканомікі ісламскай рэспублікі.
Як адзначыў рэктар калегіума святога Патрыка ў Карачы, ксёндз Марыё Радрыгес, наступствы інфляцыі ў першую чаргу кранаюць бедных: “Асабліва моцна адчувае гэта сярэдні клас і ніжэйшы сярэдні клас”. “Інфляцыя нас сапраўды забівае”, - сцвярджаюць прадстаўнікі Касцёла, занепакоеныя станам эканомікі краіны.
Паводле штогадовай справаздачы ўрада аб эканамічным развіцці краіны, апублікаванай 8 чэрвеня 2023 года, у маі інфляцыя ў Пакістане склала амаль 38 працэнтаў – самая высокая ў Азіі. У 2022-2023 гадах валавы ўнутраны прадукт вырас усяго прыкладна на 0,3 працэнта. Прычына такой рэкорднай інфляцыі – сур’ёзны заняпад сельскай гаспадаркі, прамысловасці і экспартнага сектара, выкліканы разбуральнымі паводкамі ў мінулым годзе.
Эксперты назвалі асноўныя фактары, якія ўплываюць на рост інфляцыі: рост сусветных коштаў на сыравіну, перабоі ў ланцугу паставак, наступствы расійска-ўкраінскай вайны, дэвальвацыя пакістанскай рупіі і палітычныя хваляванні ў краіне.
У нядаўна прадстаўленым нацыянальным бюджэце на 2023-24 гады, які эквівалентны прыкладна 47 мільярдам еўра, каля 40 працэнтаў даходаў прызначана для абслугоўвання доўгу. Гэта трэці паказчык у свеце пасля Шры-Ланкі і Ганы.
Тым часам Пакістану пагражае чарговая экалагічная катастрофа – магутны цыклон Біпарджой. У бліжэйшыя дні на прыбярэжны рэгіён паміж правінцыяй Сінд са сталіцай Карачы і індыйскім штатам Гуджарат абрынецца цыклон з хуткасцю ветру да 120 кіламетраў у гадзіну.