Нунцый ва Украіне: летась Папа збіраўся прыехаць у Марыупаль
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас сустрэўся ў рэжыме анлайн з удзельнікамі італьянскага Каравана міру StopTheWarNow, які прывёз гуманітарную дапамогу ва Украіну.
Папскі дыпламат адзначыў, што акцыя з'яўляецца спробай абудзіць сумленне. "І гэта вельмі важна, таму што мы бачым, што ў некаторых месцах вайна ва Украіне апісваецца як футбольны матч", - з жалем адзначыў ён. Іерарх дадаў, што "гэту вайну так цяжка ўрэгуляваць, што нам можа дапамагчы толькі цуд".
Адказваючы на пытанне ўдзельнікаў Каравана міру аб магчымым візіце Францішка ва Украіну, Кульбокас прызнаўся, што гэта магло адбыцца яшчэ ў 2022 годзе, калі на розных узроўнях абмяркоўвалася магчымасць эвакуацыі грамадзянскіх асоб і салдат з Марыупаля ў іншую краіну.
"Падчас падрыхтоўкі гэтага плана мы спыталі Святога Айца, ці можа ён прысутнічаць у Марыупалі ў якасці маральнага гаранта, і Папа сказаў "так". Ужо ў маі ў нас было адабрэнне Святога Айца. Проста пазней гэты план не спрацаваў", - падзяліўся нунцый ва Украіне.