Святы Айцец адправіў гуманітарную дапамогу ва Украіну
Аляксандр Панчанка – Pope
Лекі, электрагенератары, прадукты харчавання і рэчы першай неабходнасці ад Святога Айца 29 сакавіка 2023 года былі дастаўлены ў Харкаў – горад ля самай мяжы з Расіяй, які прыняў на сябе першы ўдар шырокамаштабнага ўварвання і доўгі час знаходзіўся ў аблозе, падвяргаючыся бязлітасным абстрэлам.
“Апостальская элемазінарыя шчыра ўдзячная ўсім кіроўцам, якія адправіліся ва Украіну, мужна кідаючы выклік цяжкасцям, і здолелі дабрацца да месца прызначэння”, - сказаў у інтэрв’ю Pope кардынал Конрад Краеўскі, прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні.
Іерарх звярнуў увагу на тое, што гэта місія была небяспечнай і патрабавала асцярожнасці і разважлівасці, бо вайна не закончылася і пагроза трапіць пад абстрэлы не знікла. “Толькі пасля завяршэння экспедыцыі я змог паведаміць пра яе. Трэба і надалей прыкладаць намаганні, дапамагаць і маліцца за змучаную Украіну”, - дадаў ватыканскі кардынал.