ҽ

Арцыбіскуп Паола Пецы Арцыбіскуп Паола Пецы 

Маскоўскі арцыбіскуп: Папа – адзіны, хто сапраўды хоча міру

“Папа – адзіны, хто сапраўды хоча міру, і таму ён не зачыняе ніякіх дзвярэй”, - адзначыў арцыбіскуп Паола Пецы, пастыр архідыяцэзіі ў Маскве і старшыня каталіцкага епіскапату Расіі.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Каментуючы дванаццаць месяцаў вайны, ён адзначыў усё большае разуменне расіянамі таго, што насамрэч адбываецца ва Украіне. Яны ўсё больш і больш балюча адчуваюць наступствы агрэсіі. Жыццё даражэе, а абмежаванне імпарту абярнулася зніжэннем якасці прадуктаў харчавання. Турызм амаль цалкам спыніўся. Таксама ёсць інфармацыя аб тым, што сродкі, прызначаныя для выплат пенсій, ідуць на ўзбраенне, а кампаніі падвяргаюцца большаму фіскальнаму кантролю, каб атрымаць грошы на ваенную дзейнасць. Арцыбіскуп адзначыў, што СМІ замоўчваюць інфармацыю пра велізарную колькасць забітых расійскіх салдат.

Адказваючы на пытанне аб магчымых шляхах дасягнення мірнага пагаднення, ён заўважыў, што ніякія дзверы ніколі не могуць быць зачыненыя. Паводле яго, загадзя адмаўляцца ад магчымасці сустрэчы і дыялогу – памылка. “Гэта не значыць, што трэба абавязкова падтрымліваць погляды іншых або маўчаць. Аднак мне здаецца, што апрыёрная адмова ад сустрэчы, на любым узроўні, толькі павялічвае дыстанцыю”, - лічыць Пецы.

Ён падкрэсліў, што католікам абедзвюх краін адводзіцца важная роля ў пабудове дыялогу. Нядаўна яны сустрэліся ў Празе на кантынентальным этапе Сінода. “Я быў уражаны гатоўнасцю да дыялогу і мірам, які панаваў ва ўзаемаадносінах. Тое, што мы з’яўляемся дзецьмі аднаго Айца, можа дапамагчы пабудаваць мір”, - звярнуў увагу арцыбіскуп.

Старшыня каталіцкага епіскапату Расіі падкрэсліў, што на гэтым шляху вялікае значэнне мае прабачэнне. “Без прабачэння мы будзем насіць гэтую рану да канца жыцця. Толькі прабачэнне загоіць самыя глыбокія раны”, - сказаў ён, заахвочваючы да настойлівай малітвы аб міры.
 

24 лютага 2023, 11:10