ҽ

Арцыбіскуп Пэдра Лопес Кінтана Арцыбіскуп Пэдра Лопес Кінтана 

Нунцый у Аўстрыі: агрэсія Расіі прывяла да краху парадку бяспекі

“Расійскі напад на Украіну – гэта атака на ўсе ўрокі, якія свет вынес з дзвюх сусветных войнаў мінулага стагоддзя”, - сказаў апостальскі нунцый у Аўстрыі, арцыбіскуп Пэдра Лопес Кінтана.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

У прамове падчас навагодняга прыёму ў прэзідэнта Аўстрыі для дыпламатаў у венскім Хофбургу іерарх, які з’яўляецца дэканам дыпкорпуса, заўважыў, што жорсткая агрэсія Расіі прывяла да краху еўрапейскага парадку бяспекі.

Ён з жалем зазначыў, што пасля амаль года вайны няма сур'ёзных мірных ініцыятыў, якія маглі б спыніць пакуты ўкраінскага насельніцтва і велізарныя разбурэнні, а таксама стварыць умовы для справядлівага і трывалага міру.

“Пакуль не будзе дасягнуты справядлівы мір, які не ўзнагароджвае захоп зямлі і не пакідае ўкраінскі народ на ласку і гвалт акупантаў, чалавечым патрабаваннем застаецца падтрымка тых, хто падвяргаецца нападам, пагрозам і прыгнёту”, - падкрэсліў ватыканскі дыпламат.

Ён адзначыў, што сённяшні трывожны геапалітычны сцэнарый патрабуе ад дыпламатаў творчай мужнасці. “Мы павінны будаваць і падтрымліваць мір, які з'яўляецца сапраўдным толькі тады, калі гэта мір у праўдзе, мір у справядлівасці, мір у салідарнасці і мір у свабодзе”, - падкрэсліў нунцый Лопес Кінтана.
 

15 лютага 2023, 12:07