Апытанне: сакральныя будынкі – самыя прыгожыя ў свеце
Аляксандр Панчанка – Pope
У рэйтынгу 20 самых прыгожых будынкаў у свеце апынуліся 13 сакральных збудаванняў, заўважыла агенцтва KAI. На першым месцы – знакаміты Саграда Фамілія ў Барселоне. Будынак адрозніваецца сваёй мастацкай каштоўнасцю, гісторыяй і архітэктурнай арыгінальнасцю – так абгрунтоўваюць свой выбар карыстальнікі Tripadvisor. Штомесяц парталам карыстаецца больш за 460 мільёнаў чалавек са 130 краін.
Другое месца таксама займае каталіцкі храм: катэдральны касцёл Нотр-Дам у Парыжы. У спісе знаходзяцца яшчэ два рэлігійныя будынкі французскай сталіцы: базіліка Сакрэ-Кёр (9-е месца) і былая палацавая капэла Сэнт-Шапель (16-е месца). Лютэранская царква Халгрымура ў ісландскім Рэйк’явіку і міланская катэдра Нараджэння Панны Марыі займаюць 14-е і 15-е месца.
Адной з самых прыгожых мячэцяў свету, паводле апытання, з’яўляецца Вялікая мячэць шэйха Заіда ў Абу-Дабі (4-е месца). Гэта таксама адна з самых вялікіх мячэцяў у свеце з умяшчальнасцю 40 000 чалавек. Блакітная мячэць у Стамбуле заняла 7-е месца. За ёй ідзе маўзалей-мячэць Тадж-Махал у індыйскім Агры.