ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

COMECE просіць больш рэсурсаў для “рэлігійнага” камісара ЕС

COMECE просіць большых рэсурсаў і выразна акрэсленага мандата для новага спецыяльнага камісара па свабодзе рэлігіі і перакананняў за межамі Еўрасаюза.

Ян Глінскі

На гэту пасаду быў абраны бельгійскі дыпламат Франс ван Дале. Яго абавязкам стане выяўленне парушэнняў рэлігійнай свабоды ў розных рэгіёнах свету і спрыянне паляпшэнню сітуацыі рэлігійных меншасцей.

Іерархі Камісіі біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці на чале з кардыналам Жанам-Клодам Олерышам лічаць абарону і абвяшчэнне рэлігійнай свабоды прыярытэтнай задачай, паколькі яна знаходзіцца пад пагрозай у многіх кутках свету. Адсюль і просьба: павялічыць бюджэт офіса новага ўпаўнаважанага.

Франс ван Дале нарадзіўся ў 1947 годзе ў Нідэрландах. Выконваў розныя дыпламатычныя функцыі ў Еўропе і ў ААН, быў кіраўніком апарата старшыні Еўрапейскай рады Хермана Ван Ромпея, з’яўляўся главой адміністрацыі караля Бельгіі Філіпа ў 2013-2017 гадах.

Пасада спецыяльнага прадстаўніка па справах свабоды рэлігій і перакананняў за межамі Еўрасаюза была ўведзена ў 2016 годзе на фоне зверстваў, якія чыніла так званая Ісламская дзяржава супраць меншасцей. Першым спецыяльным камісарам стаў Ян Фігель са Славакіі. Затым пасада была вольная паўтара года. Ад мая да верасня 2021 года спецыяльным прадстаўніком з’яўляўся Хрыстос Сціліанідзіс. Пасада заставалася вакантнай на працягу апошніх пятнаццаці месяцаў.
 

14 снежня 2022, 10:17