ҽ

Бацькі і блізкія ахвяр масавага забойства ў Тайландзе Бацькі і блізкія ахвяр масавага забойства ў Тайландзе 

Пантыфік моліцца за ахвяр нападу на дзіцячы садок у Тайландзе

Пантыфік моліцца за ахвяр масавага забойства ў дзіцячым садку на паўночным усходзе Тайланда, у выніку якога загінулі па меншай меры 37 чалавек, 22 з якіх дзеці.

Аляксандр Панчанка - Pope

“З глыбокім смуткам даведаўшыся аб жахлівым нападзе ў дзіцячым цэнтры ва Утайсаване, Яго Святасць Папа Францішак выказвае шчырыя спачуванні і запэўнівае ў духоўнай блізкасці ўсіх, хто пацярпеў ад гэтага акту невытлумачальнага насілля супраць нявінных дзяцей”, - гаворыцца ў тэлеграме, скіраванай кардыналам Дзяржсакратаром П’етра Паралінам.

“Просячы аб боскім аздараўленні і суцяшэнні для параненых і для сем’яў, якія смуткуюць, Яго Святасць моліцца, каб у гэты час вялікай журбы, яны змаглі атрымаць падтрымку і сілу, дзякуючы салідарнасці з боку сваіх суседзяў і суграмадзян. Для ўсяго ўмілаванага тайландскага народа Святы Айцец выпрошвае благаслаўленне міру і вытрываласці ў дабры”, - дадаў бліжэйшы супрацоўнік Папы.

Трагедыя здарылася 6 кастрычніка 2022 года ў правінцыі Нонгбуалампху. Узброены напад на дзіцячы садок, які прывёў да вялікай колькасці ахвяр, здзейсніў 34-гадовы мужчына, звольнены з паліцыі за ўжыванне наркотыкаў.
 

07 кастрычніка 2022, 09:33