Паўночная Ірландыя: упершыню католікаў больш за пратэстантаў
Ян Глінскі - Pope
Паўночная Ірландыя існуе ад 1921 г., калі пасля заснавання Ірландскай Cвабоднай дзяржавы шэсць з дзевяці графстваў паўночна-ўсходняй правінцыі Ольстэр засталіся пры Аб’яднаным Каралеўстве. У гэтых графствах большасцю былі пратэстанты, у асноўным патомкі шатландскіх і англійскіх пасяленцаў, якія не хацелі жыць у каталіцкай Ірландыі.
Вынікі перапісу насельніцтва за 2021 год паказалі, што 45,7% жыхароў з’яўляюцца католікамі або паходзяць з каталіцкага асяроддзя, у той час як колькасць пратэстантаў або асобаў з іншых хрысціянскіх асяроддзяў складае 43,48%. Дзесяць гадоў таму налічвалася 45% католікаў і 48% пратэстантаў.
Як адзначаецца ў брытанскім выданні The Guardian, гэтая дэмаграфічная змена была чаканай, але ўсё роўна стане псіхалагічным ударам для уніяністаў, якія дзесяцігоддзямі абапіраліся на нібыта непераможную пратэстанцкую большасць, каб забяспечыць пазіцыі Паўночнай Ірландыі ў Вялікабрытаніі. Варта адзначыць, што католікі звычайна атаясамліваюць сябе з ірландскай нацыянальнасцю, а вось пратэстанты лічаць сябе брытанцамі.
Апытанні грамадскай думкі нязменна паказваюць, што большасць людзей выступае за тое, каб застацца ў Вялікабрытаніі – у тым ліку з прычыны падаткаў і медыцынскага забеспячэння, – чым за ўз’яднанне з Ірландыяй.