ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Нунцый у Кіеве: негвалтоўнае дзеянне павінна быць рашучым

Апостальскі нунцый ва Украіне звярнуўся да удзельнікаў Маршу за мір, які прайшоў у Кіеве па ініцыятыве італьянскіх асацыяцый, што ўваходзяць у Еўрапейскі рух негвалтоўнага дзеяння (Mean).

Аляксандр Панчанка - Pope

11 ліпеня 2022 года, у літургічны ўспамін святога Бэнэдыкта, апекуна Еўропы, дэлегаты 35-ці грамадскіх і касцёльных аб’яднанняў з Італіі прыбылі ў сталіцу Украіны, дзе правялі сустрэчу з прадстаўнікамі мясцовых уладаў, грамадзянскай супольнасці і рэлігійных арганізацый.

Мэта ініцыятывы – выказаць салідарнасць перад абліччам вайны, а таксама абмеркаваць канкрэтныя планы і праекты па аднаўленні і будучым развіцці краіны: у прыватнасці гаворка ішла пра дапамогу ў сферы развіцця турызму, аховы помнікаў гісторыі і культуры, дапамогі дзецям, траўмаваным вайной. У рамках форума праўшоў тэлемост з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Італіі, сабранымі на цэнтральных плошчах пятнаццаці гарадоў, разам з тысячамі іх жыхароў.

Арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас прывітаў удзельнікаў сустрэчы, выказваючы свой давер да негвалтоўнага дзеяння, падкрэсліваючы, аднак, што патрэбна менавіта “дзеянне”, а не толькі словы на карысць міру. Прадстаўнік Святога Айца пажадаў, каб гэты метад выкарыстоўваўся з рашучасцю і крэатыўнасцю, заўважыўшы, што няўдалых прыкладаў негвалтоўнага дзеяння існуе шмат.

Ватыканскі дыпламат звярнуў увагу таксама на тры найбольш распаўсюджаныя пазіцыі перад абліччам вайны: ёсць тыя, хто распачаў вайну, прасоўвае і падтрымлівае яе, не маючы найменшага жадання пачуць пакуты і плач людзей; ёсць тыя, хто ведае пра вайну ва Украіне, у Сірыі і іншых частках свету, але спыняецца на гэтым “тэарытычным” веданні і не прымае блізка да сэрца тое, што адбываецца; а ёсць тыя, хто хоча будаваць мір і прыкладае для гэтага канкрэтныя намаганні. “Сёння ўсе мы, сабраныя тут, прагнем належаць менавіта да гэтай катэгорыі”, - сцвердзіў Апостальскі нунцый ва Украіне.
 

12 ліпеня 2022, 11:03