Арцыбіскуп Чыкага: будаваць грамадства без зброі і насілля
Ян Глінскі - Pope
Падчас парада з нагоды Дня незалежнасці ЗША у Хайленд-Парку, прыгарадзе Чыкага, з даху аднаго з будынкаў узброены мужчына адкрыў агонь па ўдзельніках шэсця.
Як адзначыў кардынал Блэйз Cьюпіч падчас святой Імшы ў мясцовай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, сёння пацярпелыя і іх блізкія павінны аказаць адно аднаму падтрымку праз просты жэст – плачучы разам.
Па словах іерарха, нягледзячы на тое, што ў ЗША насілле з ужываннем магутнай ваеннай зброі шырока распаўсюджана, па незразумелых прычынах няма закона, які б абмяжоўваў права на доступ да яе.
Толькі ў гэтым годзе ў ЗША было здзейснена больш за 200 масавых нападаў на школы, касцёлы, крамы і іншыя публічныя месцы. Акрамя гэтага, кожны дзень у штатах каля 300 чалавек становяцца ахвярамі страляніны, трэць з якіх са смяротным сыходам.
“Мы не павінны дазваляць, каб людзі валодалі ваеннай зброяй і мелі доступ да карыстання ёю на вуліцах. Нешта павінна змяніцца”, - адзначыў кардынал Сьюпіч, звярнуўшы ўвагу на неабходнасць прававога ўрэгулявання нашэння зброі.
Арцыбіскуп Чыкага нагадаў пра нястомны заклік Папы да будавання культуры без насілля і пра асуджэнне Папам гандлю зброяй. “Уся справа ў грошах. Справа ў людзях, якія зарабляюць на ваеннай зброі, якія знявольваюць нашу краіну ў культуры насілля”, – дадаў іерарх.
“Як сказаў нам Святы Айцец у пасланні, напісаным да людзей тут, у Чыкага, у 2016 годзе, чалавецтва павінна развівацца – цытуючы Марціна Лютэра Кінга – такім чынам, каб адмаўляцца ад помсты, агрэсіі і адплаты”, - нагадаў кардынал Сьюпіч і выказаў надзею, што гэтае папскае пасланне пераменіць амерыканскую свядомасць.