ҽ

Пасля нападу на касцёл святога Францішка Ксаверыя Пасля нападу на касцёл святога Францішка Ксаверыя 

Пантыфік моліцца за ахвяр нападу на каталіцкі храм у Нігерыі

Папа выказаў салідарнасць з ахвярамі ўзброенага нападу на каталіцкі храм у Нігерыі. “Асобы нападнікаў пакуль невядомыя, а супольнасць душэўна спустошаная”, - гаворыцца ў заяве мясцовай дыяцэзіі.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Узброеныя людзі ўварваліся ў касцёл святога Францішка Ксаверыя ў горадзе Увэ і адкрылі агонь па верніках, якія адзначалі Пяцідзясятніцу. Загінулі каля 50 парафіян, у тым ліку некалькі дзяцей. Медыкі змагаюцца за жыццё шматлікіх параненых. Напад адбыўся на паўднёвым захадзе Нігерыі, у штаце Онда, які да гэтага часу лічыўся адным з самых спакойных у краіне.

“Папа моліцца за ахвяр і за краіну, якая так моцна пацярпела ў дзень урачыстасці, давяраючы іх Пану і просячы, каб Ён спаслаў свайго Суцяшальніка”, - заявіў 5 чэрвеня 2022 года ўвечары кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду Матэа Бруні. “У першую чаргу, мы павінны высветліць дэталі гэтай падзеі”, - адзначыў ён.

Ксёндз Аўгустын Ікву, дырэктар па камунікацыях у дыяцэзіі Онда, дзе адбыўся напад, падкрэсліў у заяве, што, насуперак паведамленням у сацыяльных сетках, ні адзін святар або вернік не быў выкрадзены. Біскуп Онда Джуд Аёдэджы Арагундадэ заклікаў мясцовую супольнасць захоўваць спакой, паважаць закон і маліцца аб вяртанні міру і нармальнасці ў краіне.

Пераслед хрысціян, якія складаюць амаль палову насельніцтва Нігерыі (каля 98 мільёнаў), стаіць на парадку дня ў гэтай краіне. Апошнім часам адбылася серыя выкраданняў і жорсткіх нападаў на хрысціянскія супольнасці і ўстановы. Асноўная адказнасць ляжыць на джыхадзістах так званай Ісламская дзяржавы правінцыі Заходняй Афрыкі (ISWAP). Тут таксама дзейнічаюць Бока Харам і пастухі Фулані.
 

06 чэрвеня 2022, 10:35