Нунцый у Кіеве: заклік Папы да перамоў – гэта не наіўнасць
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас звярнуў увагу на тое, што Францішак не навязвае палітыкам канкрэтных рашэнняў. Асцярогі ўкраінцаў, якія не жадаюць часовага прыпынення канфлікту, зразумелыя, бо яны перакананыя, што пры такім сцэнарыі праз некалькі гадоў вайна зноў выбухне ў яшчэ больш жорсткай форме.
Іерарх лічыць, што, адказваючы на заклік Папы, трэба маліцца, каб кіраўнікі народаў, пачынаючы з тых, хто выклікаў вайну, пакаяліся перад Богам.
“Калі б гэты заклік зрабіў нейкі палітык ці вайсковец, яго можна было б абвінаваціць у наіўнасці. Таму што, калі мы глядзім на тое, што адбываецца сёння на месцы, бачым, што Расія, якая выклікала вайну, уварвалася ва Украіну, не хоча насамрэч весці перамоў, бо лічыць, што не дасягнула сваіх ваенна-палітычных мэт і не мае магчымасці весці перамовы з пазіцыі сілы. Іншы бок слушна сцвярджае, што перш чым пачаць перамовы, трэба скончыць агрэсію і адвесці расійскія войскі. З гэтага пункту гледжання перамовы сёння амаль немагчымыя”, - звярнуў увагу ватыканскі дыпламат.
Ён дадаў, што “Папа выступае ад імя Духа Святога як рэлігійны кіраўнік”. І таму, калі ён кажа пра рэальныя перамовы, ён не мае на ўвазе палітычны і ваенны аспект, таму што гэта амаль немагчыма. Заклікаючы палітыкаў “не даводзіць чалавецтва да пагібелі”, ён мае на ўвазе не палітычныя і ваенныя мэты, а павагу да чалавецтва, адказнасць не толькі перад людзьмі, але і перад Богам, - растлумачыў кіраўнік місіі Святога Пасаду ва Украіне.