Нунцый у Кіеве: візіт Галахера – не дасягненне, а пошук міру
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас прызнаўся, што пажарныя перадалі яму Бібліі, якія знайшлі ў разбомбленых дамах у Бучы. “Адна з іх знаходзілася ў дзіцячым пакоі. Мы не ведаем, што здарылася з гэтымі дзецьмі, ці выжылі яны, ці былі забітыя. Мы ведаем толькі, што яны карысталіся гэтай Бібліяй”, - падзяліўся з Pope іерарх.
Падводзячы вынік чатырохдзённага візіту Сакратара па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі ва Украіну, у які таксама былі ўключаны месцы масавай гібелі мірнага насельніцтва, нунцый у Кіеве зазначыў, што арцыбіскуп Пол Рычард Галахер мог, пэўным чынам, дакрануцца да вайны асабіста, убачыць яе на ўласныя вочы, адчуць атмасферу Украіны і дух яе жыхароў.
“Як нунцый я адчуваю сябе амаль часткай украінскага народа, таму што жыву тут. І для мяне вялікая ласка, што, нягледзячы на ўсе мае пакуты, я маю магчымасць застацца сярод украінцаў у гэты цяжкі перыяд. Таму, зыходзячы са свайго досведу, магу сказаць, што візіт арцыбіскупа Галахера меў вялікае значэнне, бо гаворка ідзе не толькі пра жэсты і словы, але пра тое, каб быць разам, мець спачуванне, што вельмі важна для гэтага народа”, - заявіў іерарх.
Ватыканскі дыпламат лічыць, што вярнуць мір будзе “вельмі складана”. “Таму падчас візіту арцыбіскупа Галахера была спроба зразумець, сустракаючыся з уладамі і гледзячы на рэчаіснасць, гледзячы людзям проста ў вочы, што яшчэ можна зрабіць, каб аднавіць мір. Гэта пастаянны пошук сродкаў, шляхоў і магчымасцей. Таму гэты візіт – не нейкае дасягненне, а пошук шляхоў міру”, - адзначыў кіраўнік дыпламатычнай місіі Святога Пасаду ва Украіне.