Святы Пасад пра Украіну: не чакаць пагадненняў, а маліцца
Аляксандр Амяльчэня - Pope
У адказ на запрашэнне Францішка 26 студзеня 2022 года ўвечары ў базыліцы Санта-Марыя-ін-Трастэвэрэ Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі ўзначаліў адмысловую малітву за мір ва Украіне.
“Мы ведаем, наколькі драматычная вайна і наколькі сур'ёзныя яе наступствы. Гэта балючыя ўмовы, якія пазбаўляюць многіх людзей іх самых элементарных правоў. Але нашмат скандальней тое, што больш за ўсё ад канфліктаў пакутуюць не тыя, хто вырашае іх распачаць, а ў першую чаргу іх бездапаможныя ахвяры”, - звярнуў увагу іерарх.
“Гэтыя сцэнарыі настолькі распаўсюджаныя сёння, што мы не можам не прызнаць, што мы ўсе пераможаныя ў нашай чалавечнасці і што мы ўсе разам нясём адказнасць за садзейнічанне міру”, - дадаў ватыканскі дыпламат.
“Мір – гэта каштоўнасць “заразная”, якая распаўсюджваецца з сэрцаў тых, хто жадае яго і імкнецца жыць ім, дасягаючы ўсяго свету”, - адзначыў арцыбіскуп Галахер, цытуючы словы Францішка з сёлетняй прамовы да дыпламатычнага корпуса, і заключыў: “Няхай Дух Святы зробіць усіх людзей, асабліва тых, хто кіруе народамі, тварцамі міру”.