Агульнаеўрапейская малітва аб спыненні пандэміі
Аляксандр Амяльчэня - Pope
“Еўропа моліцца” запрашае людзей адзін раз на тыдзень збірацца на супольнай малітве, асабліва на ружанцы, на вуліцах, плошчах і ў касцёлах.
Зараз у нямецкамоўных краінах існуе каля 700 месцаў, дзе хрысціяне розных канфесій моляцца аб спыненні пандэміі, аб пераадоленні падзелаў у грамадстве і аб навяртанні.
Як паведаміў Роланд Ноэ, дырэктар аўстрыйскага агенцтва kath.net, якое з'яўляецца галоўным натхняльнікам малітвы, яе ідэя распаўсюджваецца з Дуная на іншыя еўрапейскія краіны. У апошнія тыдні далучыліся італьянцы, іспанцы, французы, швейцарцы, немцы, славенцы і палякі. На думку журналіста людзей мабілізавалі новыя санітарныя абмежаванні, якія ў апошнія тыдні ўвялі ўрады многіх краін у сувязі з хуткім распаўсюджваннем Omicron.
З ініцыятывай вялікай малітвы на ружанцы аб спыненні пандэміі выступіў у лістападзе 2021 года зальцбургскі святар Ігнац Штайнвэндэр, які крытыкуе выключэнне непрышчэпленых з грамадства. Ён нагадаў, што сённяшні чалавек не бярэ пад увагу Бога і забыўся пра сілу малітвы.
Ініцыятыва таксама звязана з Аляксандрам Чугелем, заснавальнікам Інстытута св. Баніфацыя, аўстрыйскага аналітычнага цэнтра, які абараняе каталіцкую веру і з’яўляецца натхняльнікам ружанцовых працэсій з самага пачатку пандэміі. Ён звяртае ўвагу на тое, што ў вырашэнні любых сусветных праблем хрысціянам патрэбна Божая дапамога, і Марыя з’яўляецца магутнай памочніцай на гэтым шляху. Адсюль і заклік да малітвы на ружанцы ў інтэнцыі спынення пандэміі.